Ці можна адначасова практыкаваць індуізм і каталіцтва?

“Пахвалёны Езус Хрыстус! Адкажыце мне, калі ласка, ці можна адначасова практыкаваць індыйскае і каталіцкае веравызнанні? Ці можна сёння дома праводзіць розныя абрады пакланення індыйскім багам, а на наступны дзень ісці ў касцёл і прымаць Камунію?” Ганна.

На пытанне адказвае а. Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца:

На векі вечныя! Амэн! Мне вельмі цікава, гэта пытанне пра Вас, пра Вашыя перажыванні ці Вы пытаеце пра іншага чалавека? Адказ трэба шукаць у першай запаведзі: “Не май іншых багоў, апроч Мяне”. Досвед Ізраіля і сёння актуальны для нас, людзей ХХІ стагоддзя. Таксама сёння, як і тады, існуе шмат розных вераванняў на свеце. І сёння, і тады ў мірскім разуменні чалавек меў свабоду выбару. І сёння, і ў старажытнасці існавала талерантнасць да чалавека іншай рэлігіі. У прынцыпе гэта было нормай, што бажкі апекаваліся або канкрэтным народам, або канкрэтнай тэрыторыяй. Таму, першая запаведзь, якая забараняла альтэрнатыўнасць веравання, была сапраўды рэвалюцыйнай, не сустраканай раней. Не пабаюся сказаць, што яна не прыдуманая чалавекам, а насамрэч аб’яўленая Майсею.

У Старым Запавеце бачым, што выбраны народ неаднаразова ламаў гэтую запаведзь, звяртаючыся да бажкоў народаў, сярод якіх яму даводзілася жыць. Гэта не павінна здзіўляць. Бог Ізраіля не меў вялікіх храмаў, і доўгі час культавае служэнне адбывалася ў вялікай, аздобленай, але ўсё ж палатцы, у шатры. У гэты ж час культ шырокавядомага бажка пладавітасці Ваала быў вельмі распаўсюджаны і карыстаўся вялікай папулярнасцю. Плюс меў велічэзныя святыні.

Ідалапаклонства заўсёды наклікала на Ізраіль Божы гнеў. Як кажа Слова Божае, Бог – гэта Бог раўнівы. Ён не згаджаецца на двухзначныя адносіны.

Свядомы актыўны ўдзел у абрадах і культах іншай рэлігіі супярэчыць першай запаведзі і практычна з’яўляецца адыходам ад веры ў Бога Жывога, Бога Бібліі. Такі чалавек без шчырага пакаяння і адрачэння не можа прыступаць да сакрамантаў і, між іншым, да Святой Камуніі.

для друку для друку