Ці можа малады святар адпусціць грэх аборту падчас каляднай споведзі?

22562“Хвала Хрысту! Мяне цікавіць наступнае пытанне: ці можа малады святар адпусціць грэх аборту падчас каляднай споведзі?” Ганна

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Каталіцкі Касцёл абвяшчае праўду пра каштоўнасць чалавечага жыцця з моманту зачацця ажно да натуральнай смерці. Святы Ян Павел II адну са сваіх энцыклік, прысвечаных вартасці і непарушнасці жыцця чалавека, распачаў словамі: “Евангелле жыцця ляжыць у аснове паслання Езуса Хрыста. Касцёл кожны дзень прымае яго з любоўю, каб верна і адважна абвяшчаць як добрую навіну для людзей усіх часоў і культур”.

Права на жыццё, якое ёсць Божым дарам, ахоўваецца запаведдзю “Не забівай”, што абараняе асабліва слабых і безабаронных. Зачатая чалавечая істота, без сумневу, належыць да гэтай катэгорыі. Беручы пад увагу гэтую праўду, Кодэкс Кананічнага Права далучыў штучнае перарыванне цяжарнасці да злачынстваў супраць жыцця і свабоды чалавека. Хто свядома і добраахвотна здзяйсняе гэтае злачынства, не толькі цяжка грашыць, але і падлягае экскамуніцы (найвышэйшае касцельнае пакаранне).

Вернік, які здзейсніў штучнае перарыванне цяжарнасці і такім чынам падлягае экскамуніцы, можа яднацца з Богам і Касцёлам, калі навяртаецца, шкадуе і хоча выправіцца. Згодна з нормамі Кананічнага Права, вызваліць ад экскамунікі можа біскуп. Пераважна біскупы вызначаюць святароў, якім надаюць права вызваляць ад касцельных караў. Звычайна ў кожнай дыяцэзіі прызначаны дыяцэзіяльны пенітэнцыярый (адзін або больш), які спавядае ў катэдральным ці іншым вызначаным біскупам касцёле. У Мінска- Магілёўскай, Віцебскай і Пінскай дыяцэзіях згодна з пастановамі Сінода названых дыяцэзій (2000 год) вызваліць ад экскамунікі могуць душпастыры з пяцігадовым вопытам святарства (пар. Статуты Сінода 655).

Папа Францішак упаўнаважыў усіх святароў адпускаць грэх аборту і вызваляць ад экскамунікі на працягу Года Міласэрнасці, які распачаўся 8 снежня 2015 года і будзе працягвацца да 20 лістапада 2016-га. Папа імкнецца такім чынам дапамагчы паяднацца з Богам і Касцёлам тым, хто забіў ненароджанае жыццё, але шкадуе і просіць аб прабачэнні.

Асобе, якая здзейсніла грэх аборту і прагне паяднацца з Богам і супольнасцю Касцёла, трэба пайсці да споведзі і вызнаць свае грахі. Святар, які прымае споведзь, распазнаўшы стан пэнітэнта і яго гатоўнасць прыняць прабачэнне, пры захаванні права або сам вызваліць ад экскамунікі і ўдзеліць абсалюцыю (адпушчэнне грахоў), або іншым чынам дапаможа ў працэсе ачышчэння (можа, напрыклад, параіць звярнуцца да адпаведнага спаведніка). Нельга дапусціць думкі, што святар не растлумачыць верніку, што яму рабіць. Вельмі важна, каб грэшнік, які хоча вярнуцца да поўнай еднасці з Богам і Касцёлам, зразумеў не толькі цяжар свайго граху, але і веліч Божай любові і міласэрнасці, вартасць і сілу прабачэння, праз якое Бог нанова стварае і падымае чалавека, аднаўляючы ў ім свой вобраз і падабенства.

Штучнае перарыванне цяжарнасці глыбока раніць таксама здзяйсняльніка гэтага граху, асаблівым чынам маці, і пакідае ў душы свой след і вялікае пачуццё віны. У Апостальскай адгартацыі “Reconciliatio et paenitentia” святы Папа Ян Павел II прыпамінае, што любоў Божая большая чым грэх, таму вернік, спазнаўшы любоў Бога, адказвае таксама любоўю, якая схіляе яго прасіць аб прабачэнні і адкрывае на дар паяднання.

для друку для друку