Ці можа быць будучыня ў адносінах каталічкі і пратэстанта?

“Хвала Хрысту! Ці можа быць будучыня ў адносінах каталічкі і пратэстанта?” Тэрэза

На пытанне адказвае а. Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца:

– Так, можа быць будучыня! У прынцыпе, адносіны кожнай пары могуць мець будучыню пры ўзаемных намаганнях. Гэта датычыць таксама выпадкаў, калі ў стасункі ўступаюць людзі розных канфесій.

У Вашым выпадку вельмі важна, да якой пратэстанцкай супольнасці належыць ваш абраннік. На жаль, пратэстанты вельмі раздробленыя і маюць адрозненні ў веравучэнні. Сёння ў перажыванні закаханасці гэта можа падавацца няважным, але пазней стане прычынай сямейных канфліктаў. Напрыклад, адвентысты ў сваім афіцыйным навучанні маюць пагарду да католікаў і да каталіцкай традыцыі. У сваіх кнігах яны бесцырымонна называюць кожнага папу рымскага антыхрыстам. Вы гатовыя пражыць жыццё з чалавекам, які будзе чытаць такія кнігі і ўдзельнічаць у такіх набажэнствах?

Большасць пратэстантаў не прызнае хросту дзяцей. Калі загадзя не ведаць такіх і іншых нюансаў, можна моцна расчаравацца ўжо пры нараджэнні першага дзіцяці. Таму Вас чакае вельмі важнае заданне ўзаемнага пазнання. Не толькі ў сферы пачуццяў і перажыванняў, але таксама пазнанне рэлігійнай традыцыі Вашага патэнцыяльнага мужа.

для друку для друку