Што Касцёл кажа пра Меджугор’е?

Medzugorje“Хвала Хрысту! Я хацеў бы атрымаць адказ, якая афіцыйная пазіцыя Святога Пасаду, Каталіцкага Касцёла ў Беларусі адносна з’яў у Меджугор’і. Я чытаў, што Ватыкан на дадзены момант не пацвердзіў гэтыя з’явы, і пакуль гэтага не адбудзецца, там нельга арганізоўваць афіцыйныя паломніцтвы.

Адсюль пытанне: ці дазваляецца ў касцёлах вешаць абразы, ставіць фігуры Маці Божай з Меджугор’я? І ці маюць права святары гаварыць пра гэтыя з’явы падчас казання, што яны праўдзівыя?” Андрэй.

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Афіцыйная пазіцыя Касцёла адносна аб’яўленняў у Меджугор’і была прадстаўлена Канферэнцыяй Біскупаў Югаславіі ў 1991 годзе і пацверджана Кангрэгацыяй Веравучэння. У дэкларацыі 1991 года (“Дэкларацыя з Задара”) сказана, што не пацверджаны звышнатуральны характар (non constat de supernaturalitate) таго, што адбываецца ў Меджугор’і.

З гэтага вынікае, што адначасова нельга і выключыць звышнатуральны характар гэтай з’явы, інакш бы была ўжыта фармулёўка “пацверджаны нязвышнатуральны характар”. Знакаміты тэолаг Кардынал Шонбарн падкрэсліў, што канчатковая ацэнка Касцёлам гэтай з’явы не будзе дадзена, пакуль яна трывае (інтэрв’ю 01.11.2004 года для «Tagespost»).

У Дэкларацыі 1991 года сказана пра немагчымасць арганізацыі афіцыйных пілігрымак у Меджугор’е, але вернікаў, якія туды прыбываюць, неабходна ахінуць духоўнай апекай. У 1996 годзе Кангрэгацыя Веравучэння пацвердзіла гэтую пазіцыю, а ў 1998 годзе Кангрэгацыя падкрэсліла, што ў Меджугор’е могуць арганізоўвацца прыватныя пілігрымкі пры умове, што іх нельга лічыць прызнаннем “аб’яўленняў”.

Нягледзячы на чуткі, які распаўсюдзіліся нядаўна, асабліва ў італьянскай прэсе, Кангрэгацыя Веравучэння не выдавала ў гэтым годзе дакумента адносна Меджугор’я, але ён чакаецца ў блізкай будучыні. Нельга было б дапусціць, каб Касцёл у Беларусі меў іншую пазіцыю ў сувязі з гэтым.

Што датычыць іншых Вашых пытанняў, то святары могуць выказваць свае прыватныя меркаванні па закранутай праблеме, а Дзеву Марыю можна ўшаноўваць такім спосабам, які не супярэчыць веравучэнню Касцёла, напрыклад, прадстаўляючы яе на абразах.

для друку для друку