Распараджэнне біскупа Алега Буткевіча адносна цэлебрацыі Вялікага Тыдня ва ўмовах эпідэміі каранавірусу

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце!

Завяршаецца час Вялікага Посту, які рыхтаваў нас да Велікодных Святаў, і які ў гэтым годзе пазначаны выклікам эпідэміі каранавірусу. Ад усяго сэрца дзякую за Вашу адказнасць і зразуменне ўведзеных патрабаванняў у сувязі з узніклай сітуацыяй. Дзякую ўсім святарам і кансэкраваным асобам за іх ахвярнае служэння вернікам.

Надыходзячую Пальмовую нядзелю і Пасхальны Трыдуум будзем перажываць, беручы пад увагу Дэкрэты Кангрэгацыі Божага Культу і дысцыпліны сакрамантаў ад 19 і 25 сакавіка 2020 г. і таксама Дэкрэт Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў ад 27 сакавіка 2020 г.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь, дбаючы пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў і беручы пад увагу вышэй узгаданыя Дэкрэты, а таксама адсутнасць абмежаванняў адносна супольнага прабывання людзей і іх перамяшчэння загадваю наступнае:

  1. Набажэнства Пальмовай нядзелі ўрачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем правесці згодна са звычайным парадкам з працэсіяй, выкарыстоўваючы першую форму з Рымскага Імшалу, або, зважаючы на існуючыя ўмовы, паводле разважлівага меркавання пробашча без працэсіі, выкарыстоўваючы другую ці трэцюю форму.
    Калі дазваляюць умовы і надвор’е, то ўсё набажэнства або толькі працэсію з вербамі можна арганізаваць на прылеглай касцёльнай тэрыторыі.
  2. Св. Імшу Хрызма правесці ў Вялікую сераду, 8 красавіка 2020г., у Глыбоцкім парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы пры ўдзеле дэканаў і святароў, якія пажадаюць прыняць у ёй удзел. У выпадку, калі гэтага будзе патрабаваць сітуацыя, св. Імша Хрызма адбудзецца ў Віцебскім катэдральным касцёле пры ўдзеле святароў, якія пажадаюць прыняць у ёй удзел.
  3. Св. Імша Апошняй Вячэры цэлебруецца паводле звычайнага парадку з выключэннем абраду абмыцця ног, які прапускаецца. Беручы пад ўвагу канкрэтныя ўмовы, і паводле разважлівага меркавання пробашча можна не рабіць працэсію да цямніцы, а Найсвяцейшы Сакрамант пакінуць у табернакулюме.
  4. Набажэнства Вялікай пятніцы адбываецца як звычайна з наступнымі зменамі:
    — У малітве вернікаў дадаецца яшчэ адзін заклік (10-ты перадапошні) у інтэнцыі існуючай сітуацыі з эпідэміяй. Тэкст закліку ў Дадатку.
    — Акт адарацыі Крыжа праз цалаванне здзяйсняе цэлебрант. Іншыя ўдзельнікі набажэнства ўшаноўваюць Крыж, становячыся на калені або глыбокім паклонам. Пры жаданні могуць ушанаваць таксама і праз цалаванне.
  5. Бласлаўленне велікодных страваў адбываецца як звычайна. Калі адпавядаюць умовы і надвор’е, то можна здзейсніць гэта звонку пры касцёле.
  6. Пасхальная вігілія цэлебруецца паводле звычайнага парадку. Зважаючы на канкрэтную сітуацыю і паводле разважлівага меркавання пробашча, можна прапусціць бласлаўленне агню і працэсію з пасхалам. У такім выпадку набажэнства распачынаецца ад запалення пасхала пры алтары і абвяшэння Пасхі “Exultet”. Літургія хросту можа быць абмежавана да аднаўлення абяцанняў хросту.
    Вернікаў прашу прынесці з сабой ваду для асвячэння ў сваім посудзе.
  7. Рэзурэкцыйная працэсія адбываецца паводле мясцовага звычаю (пасля св. Імшы Пасхальнай вігіліі, дзе існуе такая практыка, або перад ранішняй св. Імшой у нядзелю Уваскрасення Пана). Паводле разважлівага меркавання пробашча працэсія можа быць адменена.
  8. Сакрамант споведзі праводзіць з захаваннем раней пададзеных прадпісанняў і санітарных нормаў без перадсвяточнага ажыятажу, ствараючы магчымасць выканаць абавязак Велікоднай споведзі тым, хто не паспеў гэта зрабіць у Вялікім Посце, на працягу ўсяго Велікоднага часу.
  9. Ахвяраванні вернікаў на Святую Зямлю ў гэтым годзе з Вялікай пятніцы пераносяцца на 13 верасня.
  10. У гэтае распараджэнне могуць быць унесены змены, калі таго будзе патрабаваць сітуацыя.

Святарам, кансэкраваным асобам і вернікам жадаю Божага благаслаўлення і вытрымкі ў гэты час асаблівага выпрабавання, каб, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу, мы маглі годна падрыхтавацца і цэлебраваць як Пальмовую Нядзелю, так і Пасхальны Трыдуум.

Удзячныя лекарам і службам грамадскага парадку за іх ахвярнае служэнне ў прадухіленні і лячэнні каранавірусу, звернем у гэты складаны час наш позірк да Бога і адновім наш давер Яму, бо ў Ім наша надзея і наш паратунак.

З пастырскім бласлаўленнем і пажаданнем моцнага здароўя

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Віцебск, 31 сакавіка 2020 г.

Дадатак: Заклік да малітвы вернікаў у Вялікую пятніцу>>.

P.S. Паважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Распараджэнне вернікам адразу пасля таго, як атрымаюць яго, а таксама ў Пальмовую нядзелю 5 красавіка 2020 г.

для друку для друку