Пытанне святару: споведзь і забытыя грахі

“Хвала Хрысту! Скажыце, калі ласка, калі я быў у касцёле на споведзі, здаецца, пра ўсе грахі расказаў, якія памятаў. А потым дома ўспомніў: забыўся сказаць, што глядзеў эротыку і парнаграфію. Але на споведзі сказаў, што пралюбадзейнічаў у думках. Скажыце, трэба на другі дзень ісці зноў на споведзь і вызнаваць гэтыя грахі? Што рабіць? Паколькі я кожную нядзелю хаджу на Імшу ў касцёл, ці магу прыступаць да Камуніі, маючы такі грэх?” Юрый

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Шаноўны Юрый! Дзякуй за пытанне, якое датычыць важнай рэчаіснасці жыцця верніка і яго адносін з Богам. Касцёл безупынна абвяшчае праўду пра Божую міласэрнасць, якую паказвае Евангелле. Споведзь – гэта найперш і перадусім сустрэча з Богам, які любіць чалавека і прагне яго збаўлення. Са свайго боку кожны вернік, які спавядаецца, прагне, каб споведзь прынесла плён. Сутнасць споведзі – у сустрэчы з міласэрным Езусам, а сама споведзь – гэта сакрамант міласэрнасці, таму нельга празмерна экспанаваць асабістае намаганне верніка і канцэнтравацца на ім, забываючы пра найважнейшае – дар самога Бога, Які прагне прабачыць, умацаваць і даць Сябе, перш за ўсё ў святой Камуніі.

Забытыя грахі

У часе споведзі неабходна назваць усе цяжкія грахі, якія яшчэ не былі адпушчаныя (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 988, § 1). Вызнанне грахоў павінна быць шчырым і поўным, таму перад споведдзю робіцца рахунак сумлення, дзякуючы якому пенітэнт належным чынам рыхтуецца да сустрэчы з Хрыстом у сакраманце паяднання. Паколькі рахунак сумлення і сама споведзь звязаны з памяццю, то можа здарыцца так, што хтосьці забудзецца нейкі грэх і не зможа яго вызнаць (проста не памятае), выканаўшы пры гэтым усе пяць умоў, пра якія кажа катэхізіс. У такім выпадку споведзь сапраўдная і пенітэнт не мае патрэбы вяртацца да канфесіянала ні адразу пасля споведзі, ні на наступны дзень. Падчас споведзі Бог прабачае ўсе грахі – вызнаныя і забытыя, таму дарога да з’яднання з Хрыстом у Святой Камуніі адкрытая. Карысным будзе пры наступнай споведзі вызнаць таксама і забытыя грахі (некаторыя вернікі спавядаюцца рэгулярна, раз на два тыдні ці раз на месяц, іншыя радзей).

Няшчырая споведзь

Дзеля ўдакладнення трэба дадаць, што іншая сітуацыя ў выпадку няшчырасці і затойвання грахоў. Калі вернік наўмысна не вызнае цяжкія грахі ці спавядаецца з іх няшчыра і няпоўна (напр., называе чыны так, каб святар не зразумеў, што гэта цяжкія грахі), то тады ён ставіць бар’ер Божай Міласэрнасці, а сама споведзь можа стаць не толькі несапраўднай, але і святатацкай, што ў сваю чаргу з’яўляецца грахом.

Сказанае вышэй датычыць усіх грахоў, таму можа быць адказам таксама на пытанне Юрыя пра парнаграфію. Зацікаўленыя больш падрабязнай інфармацыяй на дадзеную тэму могуць звярнуцца да Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (напр., глядзі http://ccconline.ru/#2354), які дапамагае католіку глыбей пазнаваць як праўды веры, так і прынцыпы хрысціянскага жыцця.

Веліч споведзі

Разважаючы пра споведзь, варта звярнуцца да слоў Езуса Хрыста, Які аб’яўляўся святой Фаўстыне Кавальскай: «Дачка, калі прыступаеш да святой споведзі, да гэтай крыніцы Маёй міласэрнасці, на тваю душу заўсёды сплываюць Мая кроў і вада, якія выплылі з Майго сэрца і ўзвышаюць тваю душу. Кожны раз, набліжаючыся да канфесіянала, з вялікім даверам цалкам пагружайся ў Маю міласэрнасць, каб Я мог выліць на тваю душу шчодрасць Сваёй ласкі. Калі ты прыходзіш на споведзь, ведай, што Я Сам чакаю цябе ў канфесіянале; Я толькі засланяюся святаром, але Сам дзейнічаю ў душы. Тут мізэрнасць душы сустракаецца з Богам міласэрнасці. Скажы душам, што з гэтай крыніцы міласэрнасці душы чэрпаюць ласкі толькі начыннем даверу. Калі іх давер будзе вялікі, Маёй шчодрасці не будзе межаў. Струмені Маёй ласкі заліваюць пакорныя душы. Ганарлівыя – заўсёды ў бядзе і ўбостве, бо Мая ласка адварочваецца ад іх да пакорных душаў» (Дзённік, 1602).

На заканчэнне раю Юрыю і чытачам “Каталіцкага Весніка” ў сумнеўных сітуацыях звяртацца па дапамогу да сваіх душпастыраў. Можна гэта зрабіць з нагоды споведзі або дамовіўшыся на духоўную размову. Добра таксама мець сталага спаведніка, які, асветлены Духам Святым, можа дапамагчы верніку ісці па ўласцівай дарозе і правільна фармаваць сваё сумленне. Запэўніваючы пра заступніцтва перад Богам за чытачоў “Каталіцкага Весніка”, сам таксама прашу аб малітве ў маёй інтэнцыі.

для друку для друку