Пытанне святару: пакаянне каталічкі ў баптысцкай царкве

“Хвала Хрысту! Аднойчы мы з сяброўкай пайшлі на канцэрт да баптыстаў. Пасля канцэрту пастар сказаў, што той, хто хоча пакаяцца, хай выйдзе на сярэдзіну і зробіць гэта. Я чамусьці адчула тады такую патрэбу. А цяпер пасля пытання ў “Каталіцкім Весніку” пра шлюб з пяцідзясятнікам, у мяне сумненні: ці не быў гэта грэх? Зразумела, што пра пераход з Касцёла да баптыстаў і адрачэнне ад каталіцтва і мовы няма”. Яўгенія

 На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала Хрысту! Калі Вы прававерная каталічка і пайшлі на хрысціянскі канцэрт – гэта не грэх. Але каталічка павінна ведаць пра тое, што такія публічныя мерапрыемствы – гэта не сакрамант пакаяння! Каяцца трэба ў сакраманце пакаяння ў касцёле, бо гэта вельмі асабістая, я б сказаў інтымная справа паміж Богам і пенітэнтам. Нельга рабіць тут эмацыянальнае, публічнае шоу, бо ў пяцідзясятнікаў гэта вельмі эмацыйна перажываецца. Эмацыянальнасць – вельмі важны складнік у жыцці кожнага чалавека, але ў дадзеным кантэксце не ў ёй сутнасць. Іншая справа, калі я даю асабістае, публічнае сведчанне пра ўласны досвед Бога ў маім жыцці.

Каб пазбягаць такіх нязручных сітуацый, я б асабіста туды не пайшоў, каб не ставіць сябе як католіка ў нязручную сітуацыю. Прынамсі важна адчуваць, што адбываецца, а таксама важнасць асабістага пакаяння перад Богам у сакраманце пакаяння і паяднання з Богам і Касцёлам.

Спадзяюся, што я падрабязна адказаў на Вашае пытанне. Сцеражы Вас Бог!

для друку для друку