Пытанне святару: Касцёл і Брацтва святога Пія X

“Добры дзень. Растлумачце, калі ласка, якая зараз пазіцыя Рымска-Каталіцкага Касцёла адносна Святарскага Брацтва святога Пія Х (FSSPX). У чым яго дагматы не супадаюць з афіцыйнай пазіцыяй Касцёла і ў чым падобныя? Ці можа рыма-католік прыходзіць на Імшу, якая цэлебруецца святарамі Брацтва”. Антон

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Шаноўны Антон! Дзякуй за пытанне, з якім, магчыма, шматлікія чытачы “Каталіцкага Весніка” сустракаюцца ўпершыню. Спадзяюся, што адказ хоць крыху пазнаёміць з рэчаіснасцю малавядомага ў Беларусі Святарскага Брацтва святога Пія Х, а таксама заахвоціць да малітвы аб еднасці Касцёла.

Гісторыя

Святарскае Брацтва святога Пія X, назва якога па-лацінску гучыць Fraternitas Sacerdotalis Sancti Pii X (адсюль і скарачэнне FSSPX), узнікла ў Швейцарыі ў 1969 годзе па ініцыятыве рыма-каталіцкага арцыбіскупа на пенсіі Марселя-Франсуа Лефебра. Адной з галоўных мэтаў новай каталіцкай супольнасці стала, між іншым, стварэнне духоўных семінарый дзеля сапраўднай фармацыі святароў, а таксама дбанне пра традыцыю. Афіцыйна Брацтва было зацверджана 1 лістапада 1970 года біскупам Лазаны, Жэневы і Фрыбурга Фарснула Шарэрам. Цэнтрам супольнасці стала швейцарская мясцовасць Экон, дзе была заснаваная першая духоўная семінарыя Брацтва.

На жаль, у хуткім часе высветлілася, што сваёю мэтаю сябры Брацтва ставяць не толькі захаванне касцельнай традыцыі і трыванне пры ёй, але таксама супраціў адносна пастаноў Другога Ватыканскага Сабору. Арцыбіскуп Лефебр, які асабіста ўдзельнічаў у працах Сабору, цяпер як генеральны настаяцель FSSPX абвінавачваў Касцёл у неамадэрнізме і неапратэстантызме. У сувязі з распаўсюджваннем звестак аб празмернай крытыцы вучэння Паўсюднага Касцёла, у 1974 годзе Апостальская Сталіца прызначыла візітацыю духоўнай семінарыі ў Экон. У адказ арцыбіскуп Лефебр у дэкларацыі з 21 лістапада 1974 года, пацвярджаючы сваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла, сказаў: “Усім сэрцам і ўсёй душою мы належым да Каталіцкага Рыма, захавальніка каталіцкай веры і традыцый, неабходнай для яе захавання, да вечнага Рыма, настаўніка праўды і мудрасці. Мы адмаўляемся, аднак, і заўсёды адмаўляліся прытрымлівацца Рыма з тэндэнцыямі неамадэрнізму і неапратэстантызму, якія выразна праявіліся падчас Другога Ватыканскага Сабору, а пасля Сабору – ва ўсіх рэформах, якія вынікаюць з яго”[1]. Ватыкан працягваў дыялог з арцыбіскупам Лефебрам і заклікаў таго падпарадкавацца Святому Айцу.

Паколькі падчас узгаданай візітацыі ў семінарыі былі выяўлены дактрынальныя парушэнні, якіх Брацтва не згаджалася выправіць, мясцовы біскуп, пасля кансультацыі з Апостальскай Сталіцай, 6 мая 1975 года прыняў рашэнне аб спыненні дзейнасці як семінарыі, так і Брацтва. Арцыбіскуп Лефебр не падпарадкаваўся гэтаму рашэнню, а ў 1976 годзе без згоды мясцовага біскупа ўдзяліў святарскае пасвячэнне навучэнцам узгаданай семінарыі. У сувязі з гэтым 22 ліпеня 1976 папа Павел VI спыніў дзейнасць Брацтва, а арцыбіскупа Марселя Лефебра пакараў суспенсай.

Дыялог і імкненне да вырашэння праблем не былі спыненыя, аднак не прынеслі і чаканых вынікаў. Сітуацыю пагоршыла пасвячэнне арцыбіскупам Лефебрам без згоды Святога Айца чатырох біскупаў, якое было здзейснена 30 чэрвеня 1988 года. Згодна з каталіцкім заканадаўствам, такі чын выклікае экскамуніку біскупа, які ўдзяляе пасвячэнне, і тых, хто яго прымае. Святы Айцец Ян Павел ІІ выдаў адпаведны дакумент з інфармацыяй пра экскамуніку 2 ліпеня 1988 года[2].

Арцыбіскуп Марсель-Франсуа Лефебр памёр 25 сакавіка 1991 года ва ўзросце 85 гадоў. У 2000 годзе дыялог паміж FSSPX і Апостальскай Сталіцай быў адноўлены і інтэнсіфікаваўся ў час пантыфікату Папы Бэнэдыкта XVI. Адказваючы на просьбу экскамунікаваных біскупаў, 21 студзеня 2009 года Папа Бэнэдыкт XVI зняў з іх экскамуніку. Гэты факт не азначае поўнай кананічнай еднасці Брацтва з Паўсюдным Касцёлам, а дыялог далей працягваецца.

Сутнасць канфлікту

Магчыма, значная частка чытачоў звязвае праблемы Брацтва святога Пія X з разыходжаннем адносна цэлебравання літургіі. Сапраўды, сябры Брацтва не прынялі літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабору і працягваюць здзяйсняць сакраманты паводле прынцыпаў Трыдэнцкага Сабору. Аднак гэта не адзіная прычына разыходжання FSSPX з навукай Паўсюднага Касцёла. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 4 нумары Motu proprio Ecclesia Dei ад 2 ліпеня 1988 года паказаў крыніцы канфлікту ў няпоўным і ўнутрана супярэчлівым разуменні Традыцыі з боку Брацтва: “(…) асабліва супярэчлівым з’яўляецца разуменне традыцыі, якое выступае супраць універсальнага Настаўніцкага Інстытута Касцёла, каторы належыць біскупу Рыма і Калегіі Біскупаў. Нельга заставацца верным традыцыі, разрываючы касцельную сувязь з тым, каму ў асобе апостала Пятра сам Хрыстос даручыў у сваім Касцёле служэнне адзінства”[3]. Папа тлумачыць тут, што традыцыя мае жывы і дынамічны характар дзякуючы Духу Святому, Які вядзе Касцёл ад часоў Апосталаў. Менавіта памылковае разуменне традыцыі нараджае адмоўнае стаўленне да некаторых элементаў навучання Паўсюднага Касцёла. Сябры Брацтва лічаць, што Касцёл перажывае ўнутраны крызіс, выкліканы лібералізмам і неамадэрнізмам. Асабліва крытычна яны ставяцца да некаторых пастановаў Другога Ватыканскага Сабору, адкідваючы як памылковае навучанне пра рэлігійную свабоду, калегіяльнасць біскупаў і экуменізм.

Святарскае Брацтва святога Пія X адмоўна ўспрымае наступныя саборныя дакументы: Дагматычную Канстытуцыю пра Касцёл Lumen gentium, Канстытуцыю пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium, Дэкрэт пра экуменізм Unitatis Redintegratio і Дэкларацыю пра рэлігійную свабоду Dignitatis humanae. Узгаданыя дакументы разам з астатнімі з’яўляюцца важнай ды нават інтэгральнай часткай навучання Касцёла і надалей маюць пазітыўны ўплыў на фарміраванне веры і маральнасці католікаў, а таксама адносін з іншымі людзьмі і са светам наогул.

Як было сказана вышэй, Брацтва святога Пія X абвінавачвае Касцёл у лібералізме і пратэстантызме. Асаблівым праяўленнем гэтых тэндэнцый лічаць рэформу літургіі, праведзеную ў 1969 годзе Папам Паўлам VI згодна з пастановамі Сабору. FSSPX крытычна ўспрымае ўвядзенне ў літургію нацыянальных моваў замест лаціны, а таксама цэлебрацыю Эўхарыстыі “тварам да народа”, хоць лічыць яе важнай пры ўмове, што святар цэлебруе яе з уласцівай інтэнцыяй, г. зн. не ў пратэстанцкім духу. Аналіз дактрыны і практыкі жыцця Брацтва святога Пія X паказвае, што яно не толькі крытыкуе Святога Айца і Апосталькую Сталіцу, але таксама праяўляе непаслухмянасць Наступніку Апосталаў. І хоць зроблена шмат крокаў у напрамку паяднання, падаецца, што дарога да поўнай еднасці яшчэ далёкая і патрабуе малітоўнай падтрымкі ўсяго Касцёла.

Удзел у Імшы, цэлебраванай святарамі Брацтва святога Пія X

Зняцце экскамунікі з чатырох біскупаў Брацтва святога Пія X, пасвечаных у 1988 годзе без згоды Святога Айца, было актам міласэрнасці адносна іх і запрашэннем да вяртання ва ўлонне Касцёла. Трэба, аднак, памятаць, што экскамуніка датычыць асобаў, а не ўстаноў. Пра цяперашні статус сяброў Брацтва ясна і выразна 10 сакавіка 2009 года напісаў Папа Бэнэдыкт XVI: “Брацтва не мае аніякага кананічнага статусу ў Касцёле, а яго распарадчыкі, нават калі з іх было знятае касцельнае пакаранне, не здзяйсняюць правамерна аніякага служэння ў Касцёле”[4].

Такім чынам, біскупы і святары FSSPX маюць сапраўднае пасвячэнне, аднак не належаць да касцельных структураў (дыяцэзіяльных, кансэкраванага жыцця ці іншых) і застаюцца пад пакараннем суспенсы, таму і не маюць права здзяйсняць сакраманты ў Каталіцкім Касцёле. Апостальская Сталіца спадзяецца, што наступіць вяртанне Брацтва да поўнай еднасці з Касцёлам. Аднак да гэтага часу, згодна з Кананічным правам, святары Брацтва здзяйсняюць святыя Імшы нягодна, хоць яны і з’яўляюцца сапраўднымі.

Каталіцкія вернікі не могуць у звычайных абставінах удзельнічаць у Імшах, цэлебраваных святарамі Брацтва святога Пія X. Выключэннем можа быць святая Імша ў нядзелю або ў абавязковую ўрачыстасць, калі хтосьці не мае магчымасці ўдзельнічаць у Эўхарыстыі ў каталіцкай святыні. У такой сітуацыі вернік выконвае касцельны абавязак удзелу ў Святой Імшы[5]. Іншай акалічнасцю, якая дазваляла б без небяспекі граху ўдзельнічаць у Эўхарыстыі ў Брацтве, можна палічыць асаблівую прывязанасць вернікаў да надзвычайнай формы святой Імшы (гэта значыць, па-лацінску паводле імшалу Папы Пія V з 1570 года). Аднак падаецца, што ў рыма-каталіцкіх парафіях нашай краіны вельмі мала або наогул няма вернікаў, якія б адзначаліся такой прывязанасцю, беручы пад увагу, што Касцёл у Беларусі пасля Другога Ватыканскага Сабору без перашкодаў перайшоў да здзяйснення сакрамантаў на нацыянальных мовах. Ні ў часы Савецкага Саюза, ні пасля яго распаду на нашай зямлі не засталіся святары, якія былі б выразнымі прыхільнікамі Брацтва святога Пія X і супраціўляліся саборнай рэформе.

Неабходна яшчэ дадаць, што той, хто ўдзельнічае ў літургіі, якую ўзначальвае святар FSSPX, павінен пазбягаць небяспекі памылковага разумення навучання Касцёла ці рэлігійнага індыферэнтызму. Дзеля поўнай карціны варта яшчэ сказаць, што Папа Францішак дазволіў святарам Брацтва святога Пія X правамерна спавядаць вернікаў, якія па розных прычынах наведваюць касцёлы, у каторых прадстаўнікі Брацтва служаць[6]. У мінулым годзе Кангрэгацыя Веравучэння скіравала спецыяльны ліст да біскупаў, які тлумачыць сітуацыю вакол цэлебрацыі сакраманту сужэнства, калі адзін з бакоў належыць да Брацтва. Святы Айцец вырашыў, што мясцовыя ардынарыі могуць даць дазвол на цэлебрацыю сакраманту сужэнства вернікаў, якія знаходзяцца пад душпастырскай апекай Брацтва[7].

Бачна, што Апостальская Сталіца і сам Папа чакаюць і спадзяюцца на вяртанне FSSPX да еднасці з Касцёлам. Паяднанне магчымае ды неабходнае для дабра Касцёла.

Спадзяюся, што гэты адказ заахвоціць чытачоў “Каталіцкага Весніка” да малітвы ў інтэнцыі паспяховага вырашэння канфлікту з Брацтвам святога Пія X.

[1]http://fsspx.news/fr/content/19567.

[2]http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/la/motu_proprio/documents/hf_jp-ii_motu-proprio_02071988_ecclesia-dei.html.

[3]Тамсама.

[4]http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/letters/2009/documents/hf_ben-xvi_let_20090310_remissione-scomunica.html.

[5]Пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 844 § 2.

[6]Пар. Апостальскі ліст Misericordiaetmisera, 12.

[7]Пар.http://be.radiovaticana.va/news/2017/04/04/ватыкан_дакумент_аб_сужэнстве_асоб,_звязаных_з_лефебрыстамі/1303351.

для друку для друку