Полацк: 75 год шлюбаў законных адзначыла сястра Францішка Гайлеш

21 сакавіка ў Полацку сёстры Эўхарысткі дзякавалі Богу за 75 год шлюбаў законных сястры Францішкі Гайлеш. Каб разам маліцца і павіншаваць манахіню, эўхарысткі прыехалі з Браслава, Слабодкі, Друі і Барысава.

Як адзначыў пробашч парафіі кс. Францішак Кісель падчас святой Імшы – «Кангрэгацыі сясцёр 95 год, таму сястра Францішка бачыла амаль усю гісторыю развіцця супольнасці». Літургію ўпрыгожыў спеў хора сяцёр. А пасля святой Імшы маці настаяцельніца Антаніна і ўсе законніцы з супольнасці сардэчна віншавалі сястру Францішку з такой цудоўнай гадавінай.

Сястра Францішка нарадзілася 7 лютага 1924 года ў вёсцы Казакова Мёрскага раёну. Сакрамант хросту прыняла ў парафіі Святой Тройцы ў Друі. Скончыла 7 класаў. У пастулят прынялі яе 9 лютага 1942 года ў Друі. Прыняла яе с. Юзэфа Жук, якая ў той час была настаяцельніцай. Першыя шлюбы склала 3 кастрычніка 1943 года. Сястра Францішка пражыла складанае жыццё: падчас рэпрэсій ў 50-ых гадах яе сям’я хавала ў сябе святароў, а калі забралі іх у вязніцу, сястру Францішку забралі разам з імі. Пасля, разам з іншымі сёстрамі, наведвала святароў у вязніцы і дапамагала ім патрэбнымі рэчамі. Самі сёстры ў той час, часта дазнавалі голад і пераслед. Але любоў да Хрыста і Яго касцёла давала ім сілы і натхнення на Божай службе.

Сястра Францішка працавала ў Друі, Слабодцы, Браславе, Ідолце, Удзеле, таксама некаторы час у Літве. Цяпер знаходзіцца ў Полацку. Праз сваю малітву і цярпенне, якое ахвяруе Богу, дапамагае сёстрам у апостальскай працы.

Няхай Добры Бог атуляе яе неабходнымі ласкамі, а ахвяра яе жыцця прынясе багаты плён.

eucharystki

для друку для друку