Перасоўная выстава «Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці» наведала Глыбокае

glybokaje_vystava144 кастрычніка ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім прайшла выстава «Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці».

Выставу падрыхтаваў Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» заснаваны ў Віцебску, які займаецца абаронай жыцця і сям’і. Выстава складаецца са стэндаў, на якіх прадстаўлены праблемы і пагрозы для сучасных сем’яў: адмова ад нараджэння дзяцей, шкода абортаў і кантрацэпцыі для фізічнага і духоўнага здароўя жанчын і мужчын. Выстава з’яўляецца вынікам шасцігадовай працы супрацоўнікаў фонду і прызначана як для моладзі, каб дапамагчы прадухіліць непапраўныя памылкі, так і для людзей старэйшага ўзросту, каб дапамагчы асэнсаваць здзейсненыя памылкі і пакаяцца.

Аб стварэнні фонду і матэрыялаў выставы расказаў яго супрацоўнік Іван Пузанаў. Выступоўца распавёў, што ва ўсім свеце назіраецца крызіс сям’і, і Беларусь не з’яўляецца выключэннем. Наступствы гэтага бачны сёння, і па словах дакладчыка, да 2050 года насельніцтва Беларусі можа зменшыцца да 5000000 чалавек. У Беларусі за год здзяйсняецца 30000 абортаў. 70% сямейных пар распадаецца. 11% народжаных дзяцей застаюцца без бацькоўскай любві, без сям’і, ад іх адракаюцца бацькі адразу пасля нараджэння. Гэта страшныя паказчыкі. Кожны чалавек стаіць перад выбарам шляху, шляху жыцця або смерці. Выстава заклікае зрабіць выбар на цнатлівасць, на карысць натуральнага і гарманічнага сужанства, а значыць, выбраць шлях жыцця. Варта адзначыць, што дзякуючы малітве і намаганням супрацоўнікаў Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» было выратавана ад аборту 118 дзяцей.

glybokaje_vystava11

Бог даў даручэнне Адаму і Еве: «Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 28). Ад выканання даручэння Створцы залежыць лёс асобнага чалавека і ўсяго чалавецтва. Падчас святой Імшы, узгадваючы біблійную гісторыю стварэння, ксёндз Мікалай Ціхановіч на прыкладзе адной сям’і наглядна паказаў, што Бог стварыў чалавека для шчасця ў сужанстве паміж мужчынам і жанчынай, каб любіць і быць любімым, і каб бачыць плён сваёй любві ў дзецях.

glybokaje_vystava05

Алена Пажога, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку