Насіць рэчы з беларускім арнаментам – грэх?

arnament

“Хвала Хрысту! Сёння сярод беларусаў стала модным насіць адзенне, розныя ўпрыгожанні (завушніцы, бранзалеты) з нацыянальнай сімволікай, то бок, з арнаментам. Зразумела, што арнамент – гэта тое, што прыйшло да нас з язычніцтва. Дык атрымліваецца, што насіць любую рэч з арнаментам – гэта грэх, бо арнамент – гэта язычніцкія сімвалы? Але ж гэта наша гісторыя. Ды і на сцягу Рэспублікі Беларусь ёсць арнамент. Патлумачце гэту сітуацыю, калі ласка”.

Вікторыя

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Рэчы з арнаментам не маюць у сабе нічога дрэннага. Сімволіка арнаменту застаецца сімволікай. Любая рэч, знак, сімвал не маюць нейкага асобнага значэння ў прыродзе па-за іх успрыманнем чалавекам і не аказваюць уплыву на стан рэчаў і ход жыцця. Тое, што мае ўплыў на нас, – гэта нашае асабістае ўспрыманне. Калі чалавек надае пэўным рэчам, сімвалам магічнае або антыхрысціянскае значэнне, гэта з’яўляецца грахом. Калі ж арнамент і іншыя сімвалы носяцца як упрыгожанні, у гэтым няма нічога страшнага.

Аднак да гэтага трэба падыходзіць кемліва і зважаць на тое, якое значэнне маюць канкрэтныя сімвалы. Народныя арнаменты суправаджалі ўсе бакі жыцця чалавека – як добрыя і радасныя, так дрэнныя і сумныя. Безумоўна, можна абіраць на свой густ тое, што падабаецца, але гэта не павінна быць свядомай дэманстрацыяй ці прапагандай культуры цемры і смерці, калі чалавек мэтанакіравана падбірае для сябе арнаменты з негатыўнай сімволікай або надае ім магічнае значэнне (напр., як абярэгі, чараўніцтва і пад.).

Таму грахом выкарыстанне арнаментаў будзе толькі ў тым выпадку, калі праз іх чалавек намагаецца адрасаваць навакольным пэўнае негатыўнае пасланне або надае ім магічнае значэнне.

arnament1

Друйскія вернікі ў вышыванках

для друку для друку