Ліст Святога Айца Францішка да цябе (+ тэксты малітваў)

Ліст Святога Айца да ўсіх вернікаў на май 2020 года.

Дарагія браты і сёстры,

Збліжаецца май, месяц, у якім Божы народ з асаблівай пашанай выказвае сваю любоў і адданасць Панне Марыі. Традыцыя гэтага месяца — малітва на ружанцы дома, у сямейным коле. Дацаніць гэта хатняе вымярэнне, таксама з духоўнага пункту гледжання, нас “прымусілі” абмежаванні, звязаныя з пандэміяй.

Менавіта таму я вырашыў у маі прапанаваць усім зноў адкрыць для сябе прыгажосць малітвы дома на ружанцы. Гэта можна зрабіць разам ці самастойна, вырашайце гэта ў залежнасці ад сітуацыі, ацаніўшы абодва варыянты. Але ў кожным выпадку ёсць пэўны сакрэт: прастата; а ў інтэрнэце лёгка знайсці добрыя узоры малітвы, якія можна выкарыстоўваць.

Дарагія браты і сёстры, супольнае сузіранне аблічча Хрыста з сэрцам Марыі, нашай Маці, зробіць нас больш з’яднанымі, як адну духоўную сям’ю і дапаможа нам пераадолець гэтае выпрабаванне. Я буду маліцца за вас, асабліва за тых, хто найбольш пакутуе, і прашу вас маліцца за мяне. Дзякую усім, і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Рым, базыліка святога Яна на Латэране, 25 красавіка 2020 г.

Свята св. Марка Евангеліста

Таксама Святы Айцец прапанаваў вернікам дзве малітвы да Маці Божай, якія могуць суправаджаць Ружанец.

Першая малітва

О Марыя, ты заўсёды ззяеш на нашай дарозе як знак збаўлення і надзеі.

Давяраемся Табе, Аздараўленне хворых, якая пад крыжам была з’яднаная з цярпеннем Езуса, трываючы моцна ў веры.

Ты, выратаванне рымскага народа, ведаеш, што нам патрэбна і мы ўпэўненыя, што ты паклапоцішся пра тое, каб радасць і свята — як у Кане Галілейскай — маглі вярнуцца пасля гэтага часу выпрабавання.

Дапамажы нам, Маці Божай Любові, каб мы дастасаваліся да волі Айца і рабілі тое, што кажа нам Езус, які абцяжарыўся нашым цярпеннем і нёс нашыя пакуты, каб правесці нас праз крыж да радасці ўваскрашэння. Амэн.

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.

Другая малітва

“Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца”

У цяперашняй драматычнай сітуацыі, поўнай цярпення і пакут, якая ахінае ўвесь свет, мы звяртаемся да Цябе, Маці Божая і Маці наша, і аддаёмся Тваёй абароне.

О Панна Марыя, Твае міласэрныя вочы, звярні на нас у гэтай пандэміі каранавіруса і суцеш тых, хто разгубіўся і аплаквае сваіх памерлых блізкіх, часам пахаваных у спосаб, які раніць душы. Падтрымлівай тых, хто перажывае за людзей, якія хварэюць і каб прадухіліць заражэнне, не могуць быць побач. Узнімі давер у тых, хто разгублены з-за нявызначанай будучыні і наступстваў для гаспадаркі і працы.

Маці Божая і нашая Маці, прасі за нас Бога, Айца Міласэрнасці, каб гэтае цяжкое выпрабаванне скончылася, і каб вярнулася перспектыва надзеі і супакою. Так, як у Кане Галілейскай, выпрасі ў Твайго Боскага Сына, каб суцешыў сем’і хворых і ахвяр, і адчыніў іх сэрцы для даверу.

Абараняй лекараў, медсясцёр, медыцынскіх працоўнікаў, валанцёраў, якія знаходзяцца на першай лініі гэтага крызісу і рызыкуюць сваім жыццём, каб выратаваць жыццё іншых. Падтрымлівай іх гераічныя намаганні і дай ім сілы, дабро і здароўе.

Будзь блізка тых, хто даглядае хворых у дзень і ў начы, а таксама святароў, якія з душпастырскай апекай і евангельскай прыхільнасцю імкнуцца дапамагчы і падтрымаць усіх.

Найсвяцейшая Багародзіца, асвяці розум навукоўцаў, мужчын і жанчын, каб яны маглі знайсці правільныя рашэнні і перамагчы гэты вірус.

Падтрымлівай кіруючых дзяржавамі, каб яны дзейнічалі разумна, беражліва і вялікадушна, дапамагаючы тым, каму не хапае таго, што неабходна для жыцця, плануючы сацыяльна-эканамічныя рашэнні з прадбачаннем і духам салідарнасці.

Найсвяцейшая Марыя, дакраніся да сумленняў, каб велізарныя сумы, якія выкарыстоўваюцца для распрацоўкі і ўдасканалення зброі, маглі быць выкарыстаны для правядзення адпаведных даследаванняў, каб прадухіліць падобныя катастрофы ў будучыні.

Любімая Маці, зрабі, каб у свеце ўзрастала пачуццё прыналежнасці да адной вялікай сям’і, усведамленне сувязі, якая злучае ўсіх, каб мы ў братэрскім духу і салідарнасці спяшаліся дапамагаць у шматлікіх бедах і нягодах. Пабуджай у нас цвёрдасць у веры, настойлівасць у служэнні і сталасць у малітве.

О Марыя, Суцяшальніца засмучаных, абдымі ўсіх сваіх разгубленых дзяцей і выпрасі, каб Бог задзейнічаў сваёй усёмагутнай рукой і вызваліў нас ад гэтай жудаснай эпідэміі, каб жыццё магло вярнуцца да свайго звычайнага бегу ў супакоі.

Мы даручаемся Табе, што свеціш на нашым шляху як знак збаўлення і надзеі, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн.

Пераклад кс. Аляксея Ляшко, паводле pl.aleteia.org

 

для друку для друку