Калі Касцёл будзе абараняць свае інтарэсы?

“Так здарылася, што на фірме, дзе я працаваў, адбылося значнае скарачэнне штатаў. Пасля страты працы я так і не змог нідзе ўладкавацца. Праз знаёмых мне параілі падпрацоўку на чатыры месяцы ў Расіі.

На новым месцы працы прыкладна траціна былі беларусы, астатнія – мясцовыя. Праз некалькі дзён усе даведаліся, што я католік. Яны не вельмі добра адрэагавалі на гэта. Сталі казаць пра тое, што каталіцтва – хлуслівая рэлігія, адышла ад сапраўднага хрысціянства. Што ўсе Папы Рымскія на самай справе таемна пакланяюцца сатане і да таго падобнае. Я адкінуў усю гэтую бязглуздзіцу.

Але тады яны мяне знайшлі “УКантакце” і накідалі ў асабістыя паведамленні спасылкі на артыкулы, якія размешчаны на праваслаўных сайтах. Я перайшоў па спасылках і проста быў у жаху! Выключна агрэсіўныя рэсурсы! Тыя, што не з’яўляюцца праваслаўнымі, усе ворагі. Шмат абразлівых рэчаў пра Касцёл і Папу. Нядзіўна, што ў людзей, якія ўсё гэта чытаюць, такі вялікі негатыў да ўсяго неправаслаўнага. Потым скінулі мне спасылкі на фільмы Галіны Царовай пра шкоду каталіцтва. І на іншыя фільмы, дзе праваслаўныя святары дрэнна гаварылі пра Касцёл і Папу.

Я калегам сказаў, што іх справа – верыць гэтым сайтам ці не. Католікі – такія ж хрысціяне, як і праваслаўныя, і нармальна ставяцца да прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій. Яны нібы супакоіліся, але потым, калі ў адну з субот было нешта накшталт карпаратыву, напіліся і сталі сцвярджаць, што нядоўга засталося, што навялі ў Данецку парадак, разагналі ўніятаў і католікаў, што прыйдуць і ў “Белоруссию” (прынцыпова ніколі не называлі нашу краіну правільна, хоць я ўказваў на правільную назву), што “палову ўпартых, як ты, выражам, астатнія самі пяройдуць у праваслаўе» і падобныя непрыемныя рэчы.

Я вось колькі пражыў у Беларусі, ні разу не чуў ні ў касцёле, ні ад сваіх знаёмых, ні на каталіцкіх інтэрнэт-сайтах, наогул ні ад каго, што трэба рэзаць праваслаўных ці неяк ім шкодзіць. Наадварот, заўсёды падкрэслівалася, што праваслаўныя – такія ж хрысціяне, як і мы, што яны з’яўляюцца часткай Усходніх Цэркваў. Пра тое, што іх трэба добраахвотна ці прымусова пераводзіць у каталіцтва, таксама ніколі не гаварылася. Нават калі нейкі праваслаўны спрабуе перайсці ў каталіцтва, яму ў Касцёле для гэтага ствараецца шмат пэўных умоў.

Зразумела, што афіцыйна праваслаўная царква ніколі не будзе казаць тое, пра што я вымушаны быў слухаць. Але ўсе гэтыя простыя праваслаўныя чэрпаюць сваё меркаванне з інтэрнэт-сайтаў і фільмаў, якія ствараюцца альбо з афіцыйнай падтрымкай праваслаўнай царквы, альбо неафіцыйнай (у гэтым выпадку які-небудзь святар піша што-кольвечы як прыватная асоба).

Чаму Папа сустракаецца з патрыярхам Кірылам і не ставіць пытанне пра тое, каб спыніць падтрымку ўсіх гэтых патокаў непрыемнасцяў?

Чаму Касцёл не абараніў вернікаў на Данбасе? Бо нас будзе чакаць іх доля. На тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць дзясяткі арганізацый, якія спансаруюцца Расіяй і прапагандуюць ідэі страты нашай краінай суверэнітэту, а таксама што павінна наступіць ўсеагульная «перамога праваслаўя». Любыя іншыя хрысціянскія плыні імі катэгарычна адкідаюцца.

Чаму Папа, каторы з’яўляецца кіраўніком больш як мільярда каталікоў ва ўсім свеце, не можа паставіць пытанне пра дзейнасць і мэты гэтых арганізацый? Нас аддаюць пад так званы «рускі свет»? Палову выражуць, палову перавядуць у праваслаўе. З гэтай нагоды правядуць у касцёлах па ўсім свеце памінальную Імшу, а потым усе зоймуцца сваімі штодзённымі справамі, і пра нас – мільён беларускіх католікаў – забудуцца?

Дакладней, пра паўмільёна, бо палову мільёна выражуць. Калі Касцёл будзе абараняць свае інтарэсы і інтарэсы сваіх вернікаў? Калі, нарэшце, будзе дадзены адпор такім намерам?” Яўген

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Дарагі брат! Рэчы, якія Вы апісваеце ў сваім пытанні, вельмі гаваркія. Ужо самі факты і словы сведчаць пра тое, хто ёсць хрысціянінам, а хто не.

Ісус Хрыстос перад тым, як пайсці на мукі, маліўся да Айца за Сваіх вучняў: “Як Ты Мяне паслаў на свет, і Я іх паслаў на свет, і за іх Я пасвячаю Сябе Самога, каб і яны былі асвечаны ў праўдзе. Я не толькі за іх прашу, але і за тых, што дзякуючы слову іх увераць у Мяне, каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў” (Ян. 17, 18-21).

Апостал Павел пісаў да карынцянаў: “Браты, у імя Госпада нашага Езуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі аднаго розуму і аднае думкі” (1 Кар. 1, 10). Апостал Пётр сугучна з ім пісаў: “Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняе любові, міласэрныя, пакорныя, не адгаджайце злом за зло, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, бласлаўляйце, бо на тое вы пакліканы, каб успадкаемілі блаславенне” (1 Пт. 3, 8-9).

Пра супольнасць першых хрысціянаў у “Дзеяннях апосталаў” гаворыцца: “І адзін дух ды адно сэрца ажыўлялі ўсіх вернікаў; што мелі, ні адзін не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае. І апосталы з вялікай сілай сведчылі пра ўваскрасенне Госпада Езуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх” (Дз. 4, 32-33).

“Па пладах іхніх пазнаеце іх. Няўжо з церня збіраюць вінаград або з асоту фігі?” (Мц. 7, 16).

Згодна з каталіцкім вучэннем, якое падае “Дагматычная канстытуцыя ІІ Ватыканскага сабору пра Касцёл”, “адзіны Хрыстовы Касцёл, які наш Збаўца (…) устанавіў навекі як калону і падмурак праўды, знаходзіцца ў Каталіцкім Касцёле, якім кіруюць наступнік Пятра і біскупы, што застаюцца з ім у супольнасці, хоць па-за яго складам знаходзіцца шмат элементаў асвячэння і праўды, якія, як уласцівыя дары Хрыстовага Касцёла, схіляюць да каталіцкай еднасці”.

У сваім стаўленні да праваслаўных Каталіцкі Касцёл, шукаючы яднання, пра якое маліўся Хрыстос, кіруецца прынцыпамі, выкладзенымі ў “Дэкрэце ІІ Ватыканскага сабору” пра экуменізм, спадзеючыся, “што пасля ліквідацыі перашкод, якія аддзяляюць Заходні i Усходні Касцёлы, настане нарэшце адно жыццё, угрунтаванае моцна на вуглавым камені, Езусе Хрысце, Які з дваіх учыніць адно”. У дэкрэце сведчыцца паважнае стаўленне Каталіцкага Касцёла да літургічных і кананічных звычаяў праваслаўных цэркваў, “паколькі пэўная разнастайнасць у звычаях i паводзінах зусім не перашкаджае еднасці Касцёла, але надае яму хараство i значна прычыняецца да выканання яго місіі”.

Такім чынам, Каталіцкі Касцёл як сапраўдны Касцёл Хрыстовы робіць тое, што магчыма для вяртання аддзеленых братоў і сёстраў. Але працэс яднання магчымы толькі пры ўмове, што іншы бок таксама захоўвае вернасць Госпаду і шукае Яго волі. Фанатычныя і агрэсіўныя настроі тых, хто называе сябе хрысціянамі, выкрываюць іх хлуслівасць і крывадушнасць. “Выйшлі яны з нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас, засталіся б з намі; але гэта сталася, каб выявілася, што не ўсе яны з нас” (1, Ян. 2, 19). “Гэта тыя, што саміх сябе аддзяляюць, душэўныя, што не маюць Духа” (Юд. 1, 19). “Як Янні і Ямбар працівіліся Майсею, так і яны працівяцца праўдзе, людзі папсаванага розуму, нявыпрабаваныя ў веры. Але яны далёка не зойдуць. Бо бязглуздасць іх выявіцца ўсім так, як і тых стала вядомай” (2, Цім. 3, 8-9).

для друку для друку