Хрост дзяцей. Дапамажыце разабрацца!

«Хвала Хрысту! Мне очень нужна ваша помощь. Не знаем, как правильно поступить. Я католичка (в Костел хожу, к исповеди, к Комунии), муж – православный, храм не посещает, в исповеди никогда не был. Когда женились, венчание было в церкви (бабушки твердили, что нужно идти за мужем), мне разницы не было. Бог у нас один, но батюшка настаивал, чтоб я перешла в православную веру и мы повенчались с тем условием, что мы придем крестить детей в церковь. Через год у нас родилась дочка, покрестили в церкви (крестная – католичка, крестный – православный). Но так уж вышло, что никто ребенка не приучил к церкви, хотя родственники по мужу – все православные и моя мама тоже. Ребенок ходил всегда со мной в костел, знает все молитвы, сейчас готовится к первой исповеди и Комунии. Сейчас у нас родился второй ребенок, сын, и, естественно, встал вопрос о его крещении. Будет ли правильным, если мы покрестим его в костеле? Меня волнует вопрос о разделении детей по вере. Муж не против крещения в католическом храме, тем более туда ходит старший ребенок. Помогите разобраться, очень нужен ваш совет, как же нам правильно всё-таки поступить?»

Анна

 – Паважаная Анна!

Дзякуй Вам за адкрытасць і сведчанне аб веры, а перадусім за мацярынскі клопат пра будучыню сваіх дзяцей. У нашай краіне шмат змешаных сужэнстваў, таму ў многіх вернікаў узнікаюць падобныя пытанні. Жыццё паказвае, што магчыма прымаць такія рашэнні, якія спрыяюць гарманічнаму развіццю сужэнцаў, сем’яў, Касцёла і ўсяго грамадства. Важным сродкам для вырашэння праблем, звязаных з верай, з’яўлецца асабістая камунія з Богам і сур’ёзны дыялог, які маладыя людзі распачынаюць перад шлюбам і працягваюць праз усё сумеснае жыццё.

Важнасць духоўнасці

Чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога, пакліканы да ўсебаковага развіцця і ўзрастання ва ўсіх вымярэннях сваёй натуры. Вернікі разумеюць, што ўмовай поўнага развіцця чалавечай асобы з’яўляецца сустрэча са Стваральнікам, Ягонай праўдай і любоўю, якая пастаянна перамяняе тых, хто прабывае ў Божай прысутнасці. Існуюць розныя тэрміны для азначэння таямніцы духоўнага жыцця, ініцыятарам і крыніцай якога заўсёды з’яўляецца Сам Бог. Адны кажуць пра жыццё або камунію з Богам, іншыя пра еднасць, з’яднанне, дыялог, размову, малітву, кантакт, трыванне, прабыванне ў Богу, сузіранне, кантэмпляцыю… Пацвярджае гэта праўду пра багацце духоўнасці, якая ў кожнага верніка пад уздзеяннем Духа Святога ажыццяўляецца па-рознаму.

Важнае месца ў тэалогіі камуніі з Богам займаюць праўда, любоў і свабода, якімі наш Стваральнік надзяляе чалавека. Можам сказаць, што мы пакліканы да жыцця ў свабодзе і святасці Божых дзяцей. Нельга таксама забываць, што ажыццяўленне паклікання – гэта дарога і заданне на ўсё жыццё, пачынаючы з дзяцінства.

Сям’я – школа жыцця

Асноўную ролю ў працэсе фарміравання чалавечай асобы адыгрывае сям’я, у якой усе дапамагаюць адно аднаму штодня адкрываць, паглыбляць і ўмацоўваць “прыгажосць быць чалавекам”. Неад’емная каштоўнасць сям’і – гэта дзеці, якім бацькі, адкрытыя на Божую любоў, не толькі перадаюць дар жыцця, але становяцца іх першаснымі і галоўнымі выхаваўцамі. Касцёл вучыць, што “сапраўднае выхаванне імкнецца фарміраваць чалавечую асобу згодна з яе найвышэйшай мэтай і на карысць грамадства, чальцом якога з’яўляецца чалавек і ў якім ён, стаўшы дарослым, будзе выконваць адпаведныя абавязкі” (Другі Ватыканскі Сабор, Дэкларацыя пра хрысціянскае выхаванне Gravissimum educationis, 1). Кажучы пра бацькоўскі абавязак выхавання дзяцей, мы маем на ўвазе перадусім сямейную атмасферу, ажыўленую любоўю і павагай да Бога і чалавека, якая садзейнічае інтэгральнаму асабістаму і грамадскаму ўзрастанню маладога пакалення. Пры гэтым варта ўсведамляць праўду пра тое, што занядбанні ў працэсе фарміравання чалавека, асабліва ў дзяцінстве, складана, а часам нават немагчыма выправіць. Сведчаць пра гэта некаторыя бацькі, якія з цягам часу разумеюць свае памылкі і недахопы, а таксама тыя, хто ў сваёй сям’і не сустрэў адпаведнай атмасферы для поўнага развіцця сваёй асобы. Пад тэрмінам “поўнае развіццё” мы разумеем усе сферы жыцця чалавека, у тым ліку і рэлігійную.

Паслядоўнасць рэлігійнага жыцця

Паважаная Анна, Вы разам з мужам, вырашаючы пра месца хросту сына, стаіце перад важным пытаннем, якое датычыць рэлігійнага выхавання Вашых дзяцей. Прыняты Вамі сакрамант шлюбу надзяліў Вас ласкай, якая дапамагае бацькам вучыць дзяцей з самых ранніх гадоў пазнаваць і праслаўляць Бога, а таксама любіць бліжняга згодна з верай, прынятай падчас хросту. Хрысціянскія бацькі, просячы пра хрост для сваіх дзяцей, прымаюць на сябе абавязак выхаваць іх у веры. Са слоў Анны разумеем, што рэлігійнай фармацыяй дачкі, па паразуменні з мужам, займаецца перадусім менавіта маці, пры чым робіць гэта па-каталіцку. Разумеем таксама, што Анна фармальным актам не адышла з Каталіцкага Касцёла і фактычна працягвае ў яго супольнасці будаваць свае адносіны з Богам. Трэба памятаць, што хрост – гэта пачатак Божага жыцця ў чалавеку, якое па сваёй натуры павінна развівацца дзякуючы Божай ласцы і дапамозе бацькоў.

Пытанне ўдзелу ў сакрамантальным жыцці і рэлігійнай адукацыі звязана з прыналежнасцю да хрысціянскай супольнасці, якая ў сваю чаргу малітвай і даступнымі сабе сродкамі дапамагае сем’ям у паспяховым выкананні іх абавязкаў. Я лічу, што правільным і лагічным з’яўляецца хрысціць дзяцей у той хрысціянскай супольнасці, у якой бацькі самі практыкуюць і маюць намер працягваць развіццё рэлігійнага жыцця сваёй сям’і. Анна піша, што хоць дачка была ахрышчана ў Праваслаўнай Царкве, але ніхто з родных не прывучыў яе да царквы. Маці выхоўвае сваю дачку ў каталіцкім духу і такім чынам адкрывае яе для дзеяння Божай ласкі, якая вядзе да крыніцаў Хрыстовага збаўлення, што бруяць у святых сакрамантах.

Паважаная Анна! Я ўпэўнены, што мудрасць, развага, жыццёвы вопыт і бацькоўская інтуіцыя дапамогуць Вам ды іншым бацькам прыняць правільнае рашэнне адносна хрысціянскага ўтаямнічэння сваіх дзяцей. Жадаю таксама сем’ям нашай краіны быць здаровымі і моцнымі ў тым, што служыць агульнаму дабру ўсяго чалавецтва.

З малітвай, а. Аркадзь Куляха OCD

для друку для друку