Ці можна прымаць бежмаванне другі раз?

«Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, на маё пытанне. Я бежмаваўся ў маладосці, не разумеючы, для чаго, не ставячыся сур’ёзна да гэтага сакраманту. Пазней зрабіў шмат нядобрых учынкаў супраць людзей і Бога. Толькі ў 2016 годзе я зразумеў увесь цяжар маіх учынкаў і пакаяўся і зараз стаўлюся з усёй сур’ёзнасцю і верай ў Пана Бога. Тады, ў 90-х гадах, прыехаў біскуп і пабежмаваў усіх ахвотных, а зараз каб пабежмавацца трэба хадзіць на падрыхтоўку і вучыцца. Ці трэба мне другі раз бежмавацца? Хвала Хрысту!»

Юрый

– На вякі хвала, шаноўны Юрый! Каб больш поўна адказаць на Вашае пытанне, спачатку трэба растлумачыць, чым з’яўляецца сакрамант бежмавання альбо канфірмацыі. Увогуле сакрамант – гэта бачны знак нябачнай ласкі, устаноўлены Хрыстом.

У Дзеях Святых Апосталаў мы можам прачытаць: “Калі ж Апосталы ў Ерусаліме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога” (Дз 8, 14-17).

Святы Айцец Павел VI у Апостальскай Канстытуцыі “Divinae consortium naturae”, прысвечанай сакраманту канфірмацыі, піша: “З таго часу апосталы, каб выконваць волю Хрыста, перадавалі нованавернутым, ускладаючы на іх рукі, дар Духа, Які завяршае ласку хросту. Таму ў Пасланні да габрэяў сярод элементаў першага хрысціянскага веравучэння мае месца вучэнне пра хрышчэнне і ўскладанне рук, што законным чынам прызнана каталіцкай традыцыяй як пачатак сакраманту канфірмацыі, каб такім чынам увекавечыць у Касцёле ласку Пяцідзясятніцы”.

Сакрамант бежмавання альбо канфірмацыі – гэта сакрамант духоўнай сталасці. Катэхізм Каталіцкага Касцёла вучыць, што “вынікам канфірмацыі з’яўляецца асаблівы водблеск Святога Духа, які раней быў падараваны апосталам у дзень Пяцідзясятніцы” (ККК, 1302). Дзякуючы гэтаму водблеску Святога Духа сакрамант канфірмацыі дае ўзрастанне і паглыбленне ласкі Хросту. Сакрамант канфірмацыі глыбей укараняе нас у сыноўняй сувязі з Богам, якая дае нам магчымасць усклікаць: “Абба, Ойча!” (Рым 8, 15). Ён мацней звязвае нас з Хрыстом, памнажае ў нас дары Духа Святога, робіць больш дасканалай нашу сувязь з Касцёлам. Таксама гэты сакрамант дае нам асаблівую сілу Духа Святога, каб словамі і справамі распаўсюджваць і абараняць веру як сапраўдныя сведкі Хрыста, каб адважна вызнаваць імя Хрыстова і ніколі не саромецца Крыжа (ККК, 1302).

Увогуле кожны ахрышчаны католік павінен і можа прыняць сакрамант канфірмацыі. Вельмі слушна ў пытанні Вы закранулі тэму неабходнай падрыхтоўкі да гэтага сакраманту. У першую чаргу, бацькі абавязаныя клапаціцца пра падрыхтоўку сваіх дзяцей да сакрамантальнага жыцця.

Каб атрымаць сакрамант канфірмацыі неабходна вельмі добра да яго падрыхтавацца. Падрыхтоўка да Канфірмацыі павінна падвесці хрысціяніна да больш глыбокага злучэння з Хрыстом, да больш жывога збліжэння з Духам Святым, з Яго дзеяннем, ласкай і натхненнем, каб ён змог лепш прыняць на сябе апостальскую адказнасць хрысціянскага жыцця. Катэхізацыя перад Канфірмацыяй павінна абудзіць пачуццё прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла: як да Паўсюднага Касцёла, таксама і да парафіяльнай супольнасці. А парафіяльная супольнасць, у сваю чаргу, нясе асаблівую адказнасць за падрыхтоўку да гэтага сакраманту.

Ксёндз доктар Міхал Кашоўскі ў “Навуцы касцёла ў пытаннях і адказах” піша: “Нават калі хтосьці атрымаў сакрамант канфірмацыі не годным чынам, гэта значыць у стане смяротнага граху, не ўдзяляецца яму гэтага сакраманту ў другі раз, таму што, як хрост і святарства, ён пакідае ў душы глыбокі след, які завецца сакрамантальным характарам. Таму гэты сакрамант прыняты правамоцна. Праз сакрамантальны характар чалавек асаблівым спосабам удзельнічае ў святарскім, прароцкім і пастырскім служэнні Хрыста, яднаецца з супольнасцю Касцёла і ў той жа самы час абавязаны аддаваць пашану Богу. Сакрамант канфірмацыі абавязвае вернікаў актыўна будаваць Касцёл, прапаведуючы Евангелле і займацца апостальскай працай праз удзел у сакрамантах, а асабліва ў Эўхарыстыі. Сакрамант Канфірмацыі, прыняты ў стане смяротнага граху, важны, аднак, не прыводзіць да павелічэння асвячальнай ласкі, гэта значыць, Божага жыцця”.

Параграф 1 канону 889 Кодэкса Кананічнага Права 1983 кажа, што прыняць сакрамант канфірмацыі здольны кожны ахрышчаны (і толькі ахрышчаны), які яшчэ не быў канфірмаваны. Гэтым канонам падкрэсліваюцца неабходныя ўмовы, каб прыняць сакрамант канфірмацыі (бежмавання): неабходна быць ахрышчаным і яшчэ не бежмаваным. Тое самае кажа і Катэхізм Каталіцкага Касцёла у нумары 1304: “Сакрамант канфірмацыі, падобна да хросту, давяршэннем якога ён з’яўляецца, удзяляецца толькі адзін раз”. Такім чынам мы бачым, што гэты сакрамант прымаецца толькі адзін раз у жыцці.

Падчас сакраманту канфірмацыі павінен прысутнічаць таксама сведка. Згодна з прадпісаннямі канону 893 § 2: “Пажадана, каб сведкам бежмаванага прызначаўся хтосьці з хросных, які прыняў на сябе тыя ж самыя абавязкі пры хрышчэнні”, аднак гэта не з’яўляецца абавязкам. Сведка можа быць абраным праз кандыдата да бежмавання альбо яго бацькамі. Неабходна памятаць, што сведка павінен вызначацца добрым хрысціянскім жыццём, а таксама быць каталіком-практыкам. У часе ўдзялення сакраманту канфірмацыі сведка кладзе правую руку на правае плячо кандыдата ў знак таго, што ён будзе дапамагаць яму парадамі і прыкладам у жыцці, згодна з вызнаванай верай.

З павагай, кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда

для друку для друку