Ці можна мяняць хросных бацькоў?

“Хвала Хрысту! Падкажыце, ці можна мяняць хросных бацькоў?”
Ганна

– Хвала навекі!

Шаноўная Ганна! У апошні час такое пытанне ўзнікае дастаткова часта. І калі адказаць каротка, то – не: пасля хросту нельга мяняць хросных бацькоў (або аднаго з іх).

На жаль, людзі не да канца разумеюць, што хросны бацька і маці выконваюць нешта большае, чым “цырыманіяльную ролю”. Гэта не проста “папрысутнічаць” падчас сакраманту святога хросту. Быць хросным бацькам ці маці – гэта адказнасць і пэўныя чаканні, і ў некаторым сэнсе такая роля падобная да ролі сведкаў падчас сакраманту шлюбу.

Можна сказаць, што гэта пытанне гістарычнага запісу. Нельга змяніць імя сведкі шлюбу або святара ці дыякана, які асіставаў падчас шлюбу, пасля таго, як шлюб адбыўся. Тое ж самае датычыцца сакраманту святога хросту і хросных бацькоў.

Па-першае, хросныя бацькі з’яўляюцца афіцыйнымі сведкамі хросту дзіцяці, гэта не “роля ў тэатры”, для якой можа быць зроблена замена.

Па-другое, з’яўляючыся афіцыйнымі сведкамі хросту, яны разам з бацькамі дзіцяці папрасілі пра ўдзяленне гэтага сакраманту, а таксама выказалі гатоўнасць дапамагаць ім выхоўваць дзіця ў веры, каб, захоўваючы Божыя запаведзі, яно любіла Бога і бліжняга, як навучыў Езус Хрыстус. Іх імёны запісаны ў пасведчанні аб святым хросце і ў Кнізе рэгістрацыі хросту ў парафіі. І зноў жа тут хацелася б падкрэсліць, што факт, які адбыўся, не можа быць зменены.

Па-трэцяе, трэба правільна разумець ролю хросных. Яны маюць абавязак забяспечыць рэлігійнае і духоўнае развіццё дзіцяці, а асабліва, калі нешта здарыцца з бацькамі. Трэба памятаць, што хросныя павінны вельмі добра разумець сэнс сакраманту святога хросту, добра ведаць свае абавязкі і сваім жыццём і верай быць прыкладам для хрэсніка ці хрэсніцы.

Згодна з прадпісаннямі канону 874 Кодэксу Кананічнага Права 1983 г., хросны павінен мець узрост не менш чым 16 гадоў (калі няма іншага рашэння біскупа дыяцэзіі), хіба што па важнай прычыне пробашч ці той, хто ўдзяляе сакрамант, можа зрабіць выключэнне; быць католікам (прынамсі адзін з хросных); быць пасля прыняцця Першай Камуніі і сакраманту канфірмацыі (бежмавання); весці жыццё, згоднае з верай і адпаведнае функцыі, якую мае выконваць, а таксама быць свабодным ад кананічнай кары і не з’яўляецца бацькам або маці таго, хто прымае хрост.

Пазней, калі ахрышчанае дзіцё будзе прымаць сакрамант канфірмацыі, то згодна з прадпісаннямі канону 893 § 2 “пажадана, каб сведкам бежмаванага прызначаўся хтосьці з хросных, які прыняў на сябе тыя ж самыя абавязкі пры хрышчэнні”. Хоць гэта і не з’яўляецца абавязковым.

Выбіраючы хросных, бацькі павінны звярнуць увагу на тых людзей, якія дапамогуць ім выхоўваць дзіцё ў каталіцкай веры. А такімі людзьмі могуць быць толькі тыя, хто прымае веру сур’ёзна і жыве згодна з ёй і з хрысціянскай маральнасцю.

З павагай, кс. Аляксей Ляшко, афіцыял біскупскага суда

для друку для друку