для друку для друку

Разважаем над Божым словам разам з капуцынамі

«
»
  • 22
    22.Август.Среда

    20 звычайны тыдзень, 22 жніўня, серада

    Весь День
    2018.08.22
    • Эзх 34, 1–11
    • Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6  (Р.: 1)
    • ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 20, 1–16а

    У той час Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:

    Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.

    Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

    Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.

    Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.

    Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі. 

    Існуюць розныя ітэрпрэтацыі гэтай прыпавесці Езуса пра Валадарства Нябеснае. Але старэйшая і больш распаўсюджаная такая: людзі прыходзяць да збаўлення ў Богу, гэта значыць ўваходзяць у Касцёл, на розных этапах свайго жыцця, ад дзяцінства да глыбокай старасці. Незалежна ад таго, навяртаецца чалавек ў дзяцінстве, будучы дарослым ці перад самай смерццю, ён атрымлівае адну і тую ж плату – збаўленне і вечнае жыццё. (Паводле Т. Лоска SJ).

    Бачым, як адрозніваюцца нашы зямныя ўяўленні пра справядлівасць ад уяўленняў Бога. Жывучы ў свеце, мы прызвычаіліся, што каб здабыць вялікую каштоўнасць, звычайна трэба шмат працаваць. У Валадарстве Божым інакш — найвялікшую каштоўнасць атрымлівае з Божай шчодрасці нават той, хто не здолеў зарабіць яе па справядлівасці.

    Многія людзі, даведаўшыся пра такую дабрыню і шчодрасць Бога, легкадумнама адкладаюць навяртанне або паглыбленне духоўнага жыцця на неакрэсленую будучыню. У такім стаўленні ёсць прынамсі дзве праблемы. Па-першае, ніводзін чалавек не ведае з усёй упэўненасцю, ці тая будучыня для яго наступіць і колькі часу яму яшчэ засталося жыць у свеце. Па-другое, як каштоўнасць працы ў вінагарадніку заключаецца не толькі ў плаце, якую работнік атрымлівае ў канцы, падобным чынам жыццё з Богам і братамі ў Касцёле мае вартасць ужо цяпер, не чакаючы збаўлення пасля смерці. Разумеючы гэта, св. Аўгустын які пасля свайго навяртання ў сталым узросце, пазней у сваіх Вызнаннях казаў: “Позна я ўзлюбіў Цябе, Любоў мая”. Таму пытанне “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?”, гэта напэўна пытанне рытарычнае. Яно сцвярджае, што не варта марнаваць свой зямны час на бязбожнае, або не дастаткова Божае жыццё.

    Апроч канчатковай узнагароды, ці ёсць у мяне ўжо іншыя матывацыі для крочання за Хрыстом? Наколькі я цаню адведзены мне час на жыццё ў гэтым свеце?

    Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва