Зварот біскупа Гродзенскага ў сувязі з пажарам у касцёле ў Сапоцкіне

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння раніцай, 14 снежня, каля сёмай гадзіны, у касцёле ў Сапоцкіне адбыўся пажар, у выніку якога быў пашкоджаны дах святыні. Гэтая падзея глыбока закранула сэрцы вернікаў, бо гаворка ідзе не толькі пра матэрыяльную шкоду, але, перадусім, пра месца, дзе на працягу многіх гадоў і сёння гучыць малітва, дзе людзі сустракаюцца з Панам Богам і адно з адным.

Ад імя Гродзенскай дыяцэзіі і ад сябе асабіста выказваю шчырую блізкасць і духоўную падтрымку пробашчу парафіяльнай супольнасці і ўсім вернікам сапоцкінскай парафіі. У гэты цяжкі момант мы ўсе яднаемся з вамі ў малітве, веры і надзеі, упэўненыя, што Пан Бог не пакідае свой народ і з кожнага выпрабавання выводзіць да аднаўлення і новага жыцця.

Асаблівыя словы глыбокай удзячнасці скіроўваю пажарным і ўсім службам, якія з вялікай адданасцю, прафесіяналізмам і рызыкай для ўласнага жыцця ўдзельнічалі ў ліквідацыі пажару. Дзякую таксама ўсім, хто не застаўся абыякавым, хто прыйшоў на дапамогу, маліўся і выказаў сваю салідарнасць. Ваша ахвярная служба і чалавечая еднасць з’яўляюцца жывым сведчаннем дабра, якое з Божай ласкі перамагае любую цемру.

Мы перажываем гэты досвед напярэдадні свята Божага Нараджэння, калі Сын Божы прыходзіць у свет, каб асвятліць цемру, умацаваць зломленыя сэрцы і падарыць надзею. Няхай гэтае выпрабаванне стане для нас заклікам да яшчэ большай еднасці, узаемнай падтрымкі і глыбокага даверу Пану Богу, які ўсё адраджае.

Запэўніваю ўсіх вернікаў у сваёй малітве і пастырскай блізкасці.

Уся Гродзенская дыяцэзія трымаецца разам з вамі!

З пастырскім благаслаўленнем,

Уладзімір Гуляй

Біскуп Гродзенскай дыяцэзіі

14 снежня 2025

Grodnensis.by

для друку для друку