Колькасць заявак перавысіла чаканні ўніверсітэцкіх капеланаў у Канзасе. Прынамсі 110 чалавек стануць членамі Каталіцкага Касцёла падчас сёлетняга Вялікадня, што амаль у тры разы больш, чым у папярэднія гады. Гэтая з’ява з’яўляецца часткай больш шырокага павелічэння навяртання маладых людзей у ЗША.
Вялікдзень у Канзасе
Катэхумены рыхтуюцца да прыняцця сакраманту ў цэнтры акадэмічнага душпастырства св. Ісідора, які дзейнічае пры Канзаскім дзяржаўным універсітэце. Пераважная большасць заявак — студэнты, але сярод кандыдатаў таксама ёсць выкладчыкі і адміністрацыйны персанал.
Мінулым летам — перад пачаткам новага навучальнага года — колькасць удзельнікаў катэхуменату перавысіла агульную колькасць папярэдняга года. У выніку пастырскай камандзе давялося змяніць амаль кожны элемент праграмы, дадаўшы дадатковыя даты сустрэч і пашырыўшы індывідуальную падрыхтоўку. Дырэктар праграмы катэхумената Рыдж Пінксцін прызнае: «Практычна кожны раз, калі нам здаецца, што мы нагналі ўпушчанае, запісваецца яшчэ дзесяць чалавек».
Розныя шляхі
Тыя, хто падае заяўкі на катэхізацыю, маюць вельмі розныя гісторыі. Некаторыя з іх былі ахрышчаны ў дзяцінстве, але іх сем’і адышлі ад рэлігійнай практыкі. Іншыя паходзяць з пратэстанцкіх супольнасцей, з’яўляюцца паслядоўнікамі іншых рэлігій, у тым ліку ісламу, або выраслі ў асяроддзі, цалкам абыякавым да рэлігіі.
Прага сэнсу
Рыдж Пінксцін, які сам калісьці перажыў навяртанне, адзначае, што многія маладыя людзі сёння прыходзяць да падобных высноў. «Многія студэнты выяўляюць, што мадэлі, якія павінны былі надаць сэнс іх жыццю — з пункту гледжання ідэнтычнасці, рэалізацыі і значнасці, — не спраўдзіліся», — падкрэслівае ён. Гэта суправаджаецца відавочнай цікавасцю да Літургіі, якая праводзіцца ўрачыста, традыцыйна, прыносячы досвед прыгажосці і святасці.
Больш шырокая тэндэнцыя
Выпадак Канзаса не адзінкавы. Рост колькасці зваротаў маладых людзей у каталіцызм назіраецца ў парафіях і акадэмічных душпастырствах у многіх частках Злучаных Штатаў, у тым ліку ў невялікіх населеных пунктах. Гэту з’яву ўсё часцей адзначаюць і свецкія СМІ, паказваючы на прыкметнае змяненне рэлігійнага ландшафту сярод прадстаўнікоў пакалення Z.
Паводле gosc.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
