Пытанне, вынесенае ў загаловак, на першы погляд, падаецца не надта актуальным, дробязным. Але часам на практыцы мы сутыкаемся з няправільным ужываннем згаданых вышэй назоўнікаў, тым больш што блытаніны дадаюць, як гэта ні дзіўна, і некаторыя нашыя слоўнікі. Вось што піша чытачка “Каталіцкага весніка” спадарыня Наталля з Віцебска ў лісце ў моўную рубрыку газеты: “Я ўжо многа гадоў лічу сябе верніцай-практыкам. Да таго ж я настаўніца. Ведаю ўсе асноўныя малітвы, знаёмая з рэлігійнымі тэрмінамі і паняццямі. І мне здавалася, што мы не можам ужываць назоўнік айцец па-за рэлігійным кантэкстам.
Чаму здавалася? А таму, што ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (ТСБМ) я са здзіўленнем знайшла ў адпаведным слоўнікавым артыкуле тлумачэнне, якое прымусіла мяне звярнуцца ў моўную рубрыку нашай газеты. Так, на с. 206 (т. 1) названага слоўніка чытаем: “Айцец – 1. Служка культу. 2. Мужчына ў дачыненні да сваіх дзяцей; бацька”. І нават ёсць ілюстрацыя з народных выслоўяў: Ці я ў мамкі не радзілася, / Ці ў айца не гадавалася. З першым значэннем усё зразумела, так і павінна быць. Але як з другім? Ці сапраўды можна па-беларуску ў якасці сіноніма ўжываць слова айцец?”
Мы палічылі пытанне сп-ні Наталлі важным не толькі для яе, але і для ўсіх, хто неабыякавы да культуры беларускага слова. Таму ў гэтым матэрыяле паспрабуем разабрацца, як павінна быць на самай справе.
Сапраўды, у ТСБМ падаюцца два значэнні назоўніка айцец, як слушна заўважае наша чытачка. Але на той жа старонцы слоўніка прапануецца яшчэ і прыметнік айцоўскі з дэфініцыяй “які мае адносіны да айца; бацькоўскі”. І ў якасці ілюстрацыі прыведзены фрагмент з твора Максіма Багдановіча: Слёзы ў старога цяклі і дрыжалі айцоўскія рукі. Дык што тады атрымліваецца з ужываннем згаданых словаформаў, калі яны ёсць і ў творах нашых класікаў?
Заўважым, што словы ойтець і ойцець са значэннем “бацька, духоўнік” ужываліся ў старажытнай беларускай мове, на што ўказвае “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” (ЭСБМ, Т. 1. Мінск, 1978. С. 98). Калі верыць цытаванаму раней фрагменту з ТСБМ, то атрымліваецца, што назоўнік айцец выступае ў якасці сіноніма да слова бацька. Але ж гэта ніяк не карэлюе з сучаснай моўнай практыкай. Мы памятаем, што мова знаходзіцца ў няспынным руху, лексічны склад пастаянна змяняецца: нешта выходзіць з актыўнага ўжытку, штосьці, наадварот, новае замацоўваецца ў маўленні. Таму ў дадзенай канкрэтнай сітуацыі нам не варта ісці механічна ўслед за слоўнікам, нават калі ён лічыцца нарматыўным. Бо жыццё ўносіць свае карэктывы ў моўную практыку.
Зразумела, што слова айцец сёння мы можам ужываць толькі ў дачыненні да святара. Таму правільнымі будуць і папулярныя спалучэнні кшталту духоўны айцец, святы айцец. Як, дарэчы, і прыметнік айцоўскі: З айцоўскім наказам звярнуўся да вернікаў пробашч парафіі; Ксёндз больш за дзесяць гадоў годна выконваў свой айцоўскі абавязак у мястэчку. Можа ўжывацца таксама і прыслоўе па-айцоўску: Святар па-айцоўску апекаваўся хворымі вернікамі; Словы ксяндза гучалі па-айцоўску мудра.
Такім чынам, у нашым загалоўку правільная толькі адна канструкцыя – Гэта мае маці і бацька. Будзем памятаць, што назоўнік айцец, прыметнік айцоўскі, прыслоўе па-айцоўску ў беларускай мове могуць ужывацца толькі для абазначэння духоўных асобаў, святароў. І не павінны выкарыстоўвацца як сінанімічныя да слоў бацька, бацькоўскі, па-бацькоўску.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!