Сусветныя дні моладзі (СДМ) у Кракаве і Вялічцы пройдуць з 26-га па 31-га ліпеня 2016 г. пад дэвізам “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” (Мц 5, 7). Больш за 2 млн маладых людзей прыедзе ў горад на Вісле на сустрэчу з Папам Францішкам. Улады Польшчы стварылі спецыяльны камітэт, адказны за арганізацыю найбуйнейшай у 2016 годзе сустрэчы моладзі з усяго свету.
Да СДМ Польшча рыхтуецца з ліпеня 2013 года, калі Папа Францішак вызначыў месца чарговай сустрэчы з моладдзю. Кракаў быў выбраны таму, што гэты горад непасрэдна звязаны з палякам св. Янам Паўлам II. Польскі Папа не толькі звязаў з Кракавам усё сваё святарскае жыццё, менавіта ён стаў ініцыятарам Сусветных дзён моладзі.
Першая моладзевая сустрэча адбылася ў 1985 годзе ў Рыме. З таго часу такія спатканні праводзяцца раз у два-тры гады ў розных месцах па ўсім свеце. Апошняя падобная сустрэча прайшла пры ўдзеле Папы Францішка ў 2013 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. У ёй прынялі ўдзел каля 3,5 млн. чалавек.
Папа зарэгістраваўся першым
Праз электронны планшэт Папа Францішак першым зарэгістраваўся ў якасці ўдзельніка ХХХІ Сусветных дзён моладзі. Гэта адбылося падчас звароту Пантыфіка да вернікаў з акна Апостальскага палаца Ватыкана пасля малітвы “Анёл Панскі” 26 ліпеня 2015 года. “Сёння адкрываецца рэгістрацыя на ХХХІ Сусветныя дні моладзі, якія адбудуцца ў наступным годзе ў Польшчы. Я хацеў асабіста даць пачатак рэгістрацыі і таму запісаўся, у якасці пілігрыма, з дапамогай электроннага дэвайса. Запрашаю моладзь з усяго свету да жыцця гэтай пілігрымкай або накіроўваючыся ў Кракаў, або прымаючы ўдзел у такім моманце ласкі ва ўласных супольнасцях”, – пажадаў Папа Францішак.
Хто ўдзельнікі?
Арганізатары СДМ мяркуюць, што ў асноўных святкаваннях у Кракаве і ваколіцах могуць прыняць удзел каля 2,5 млн вернікаў. Каля 300 тысяч з іх з 20-га да 25-га ліпеня правядуць падрыхтоўчыя пяць дзён перад стартам СДМ у польскіх дыяцэзіях. Арганізацыйны камітэт СДМ падтрымлівае сталыя кантакты з епіскапатамі больш чым 110 краін на ўсіх кантынентах. У Кракаў збіраюцца прыехаць нават жыхары вострава Пасхі, астравоў Самоа і Саудаўскай Аравіі.
Каля 100 тыс. маладых пілігрымаў з Усходу змогуць прыняць удзел у СДМ дзякуючы фінансавай падтрымцы валанцёрскай акцыі “Білет для брата”. Гэта ідэя, якой на заклік біскупаў пра дапамогу для маладых пілігрымаў адказалі польскія валанцёры. На фінансавую падтрымку прабывання ў Польшчы можа разлічваць моладзь з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана.
Як заявіў падчас сустрэчы 29 кастрычніка 2015 года, на якой была абмеркавана падрыхтоўка беларускай каталіцкай моладзі да ўдзелу ў СДМ-2016, каардынатар СДМ у Кракаве ад Беларусі кс. Антоні Грэмза, “на цяперашні момант чакаецца, што з Беларусі ў СДМ прымуць удзел пяць тысяч чалавек. Гэта лічба, аднак, можа змяніцца”.
Месца правядзення
“Campus Misericordiae” (Поле міласэрнасці) – так будзе афіцыйна называцца некалькі гектараў зямлі на мяжы Кракава і Вялічкі. Тут пройдуць суботняе начное чуванне моладзі са Святым Айцом (30 ліпеня) і заключная нядзельная св. Імша (31 ліпеня). “Мы шукалі назву для гэтага месца. Знайшлі. Нам дапамог у гэтым Папа Францішак”, – прызнаўся кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракава падчас афіцыйнага абвяшчэння месца цэнтральных падзей сусветнага моладзевага форуму.
Арганізатары паведамілі, што рашэнне пра выбар поля на мяжы Кракава і Вялічкі ў якасці месца суботняй і нядзельнай сустрэч з Папам было прадыктавана добрым размяшчэннем і камунікацыйнымі магчымасцямі, што не будзе патрабаваць вялікіх выдаткаў для прыняцця тут двух мільёнаў чалавек.
Поле “Campus Misericordiae” у пяць разоў большае за Кракаўскія лугі, дзе папярэдне адбываліся сустрэчы падчас прыезду Пантыфікаў. “Мы не лічым сродкаў, бо ведаем, што трэба інвеставаць у маладое пакаленне і стварыць умовы для маладых людзей, каб яны маглі тут разам з Папам Францішкам у ліпені 2016 г. прымаць найбольш важныя рашэнні свайго жыцця”, – сказаў кс. Гжэгаж Сухадольскі, Генеральны сакратар арганізацыйнага камітэту Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.
У сваю чаргу, св. Імша падчас адкрыцця форуму, цырымонія прывітання Святога Айца і Крыжовы шлях адбудуцца на Кракаўскіх лугах.
Сусветным дням моладзі ў Кракаве будуць папярэднічаць Дні ў дыяцэзіях, якія пройдуць 20-25 ліпеня па ўсёй Польшчы. Яны будуць арганізаваныя для знаёмства з гісторыяй, культурай, а таксама штодзённым жыццём супольнасці Касцёла ў Польшчы.
Даты
Моладзь пачне збірацца ўжо 24 ліпеня. Самая вялікая хваля чакаецца 26 ліпеня, у дзень афіцыйнага адкрыцця сусветнага форуму – 700 тыс. асоб. Таксама сотні тысяч маладых людзей прыедуць у дзень прыбыцця Папы – 28 ліпеня. Наступныя некалькі соцень тысяч прыбудуць на заключныя цырымоніі – 30 і 31 ліпеня. Прагназуецца, што з самой Польшчы ў Сусветных днях моладзі прымуць удзел каля 1 млн. маладых людзей.
Праграма Моладзевага фестывалю
Фестываль будзе праходзіць з аўторка па пятніцу, паміж катэхезай і вячэрнімі сустрэчамі з Папам Францішкам. Гэта стане дадаткам да непаўторнай атмасферы СДМ.
“Фестываль моладзі” адбудзецца ў Кракаве і ваколіцах, дзе пераначуюць пілігрымы. Праграма фестывалю будзе паказаная на канцэртных сцэнах, у спецыяльных залах, клубах, на стадыёнах і спартыўных арэнах, г.зн. ва ўсіх даступных месцах.
На фестывалі можна будзе ўбачыць і пачуць:
— Малітву. Сусветныя дні моладзі – гэта перш за ўсё мерапрыемства рэлігійнага характару. Таму ў многіх касцёлах Кракава і яго ваколіцах будуць праходзіць малітоўныя сустрэчы і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту;
— Выставы. Падчас СДМ у Кракаве з’явіцца некалькі выстаў, арганізаваных не толькі прафесійнымі артыстамі, але таксама і таленавітымі пілігрымамі. Тэма гэтых выстаў будзе блізкая да дэвізу СДМ.
— Спорт. Спартыўныя мерапрыемствы карыстаюцца велізарнай папулярнасцю сярод моладзі, а дух здаровага саперніцтва дапамагае ва ўзаемаадносінах з іншымі людзьмі. Задача СДМ – аб’яднанне ў суполцы усіх, хто прыедзе ў Кракаў. Таму ў межах “Фестывалю моладзі” таксама плануецца “Фестываль спорту” – Юліяда. Адной з запланаваных падзей будзе Copa Católica – футбольны матч, арганізаваны для пілігрымаў.
— Танцы. Разнастайнасць танцавальных формаў, ад балета да вулічных танцаў, дазволіць маладым людзям з усяго свету праявіць сваю крэатыўнасць. На адпаведных пляцоўках танцоры прадставяць культуру усіх кантынентаў, каб сваёй грацыяй і энергіяй праслаўляць Бога.
— Спектаклі. Тэатральныя прадстаўленні, арганізаваныя не толькі прафесійнымі артыстамі, а таксама і пілігрымамі закрануць тэму Божай міласэрнасці і гісторыі з жыцця святых.
— Музыку і спевы. СДМ – гэта магчымасць для розных хрысціянскіх ансамбляў рэпрэзентаваць сябе. Таму плануюцца выступленні як добра вядомых артыстаў, так і дэбютантаў, якія сваім жыццём і творчасцю распавядаюць пра сваю сувязь з Богам. Падчас папярэдніх СДМ на музычных сцэнах выступілі такія артысты, як Magda Anioł, Томэк Камінскі, Gospel Rain, The Kelly Family, Hillsong, а таксама Майкл Талбот – сусветна вядомы амерыканскі кампазітар. Камітэт CДМ-Кракаў-2016 ужо прымае заяўкі хрысціянскіх музыкаў.
Змест праграмы фестывалю будзе вядомы пасля зацвярджэння выступленняў Папскай радай па свецкіх справах.
Лагатып СДМ-2016
У сімволіцы лагатыпа злучаныя розныя дэталі. У цэнтры размешчаны крыж – сімвал Хрыста, які з’яўляецца цэнтрам Сусветных дзён моладзі. З крыжа зыходзяць два іскрыстыя патокі чырвонага і сіне-блакітнага колераў, што сімвалізуюць прамяні Божай міласэрнасці – кроў і ваду з боку Хрыстовага. Гэтыя прамяні адначасова з’яўляюцца рукамі юнака, якія ахопліваюць і трымаюць над галавой высока падняты крыж. Знешнія межы лагатыпа ўтвараюць карту Польшчы, а галава маладога чалавека размешчана на месцы Кракава. Выкарыстаныя колеры – сіні, чырвоны і жоўты – з’яўляюцца афіцыйнымі колерамі горада.
Спрашчэнне візавага рэжыму
Што датычацца пытання бясплатных візаў, якое важнае асабліва для бліжэйшых суседзяў Польшчы, у тым ліку і Беларусі, прадстаўнік польскага ўрада, што ўдзельнічаў у сустрэчы 24 лютага 2015 года, паабяцаў падтрымку з боку Міністэрства замежных спраў у спрашчэнні візавага рэжыму для ўдзельнікаў СДМ-2016.
Інфармацыя для моладзі Віцебскай дыяцэзіі
Ёсць цудоўная магчымасць для нашай моладзі прыняць удзел у сусветным форуме і спаткацца са Святым Айцом. Віцебская дыяцэзія, як і іншыя дыяцэзіі Беларусі, арганізоўвае агульнадыяцэзіяльную пілігрымку.
Пілігрымка адбудзецца 19 ліпеня – 2 жніўня. Спачатку беларуская моладзь накіруецца ў дыяцэзію ў Седльцах, у якой будзе прабываць на Місійным Тыдні. 26 ліпеня плануецца выезд у Кракаў на афіцыйнае адкрыццё сусветнага форуму.
Адказнымі за рэгістрацыю моладзі з’яўляюцца душпастыры ў парафіях. Для тых, хто не мае візы, неабходна запісацца да канца красавіка, а ў каго ёсць віза – да канца чэрвеня.
Кошты
Дакладны кошт двухтыднёвага ўдзелу – 240 еўра плюс страхоўка.
Па ўсіх пытаннях наконт удзелу ў Днях моладзі можна звяртацца да наступных святароў:
- Віцебская дыяцэзія – кс. Аляксей Асон (тэл.: +375 29 7189582)
- Гродзенская дыяцэзія – кс. Антоні Грэмза (тэл.: +375 29 6324373)
- Мінска-Магілёўская архідыяцэзія – кс. Віталь Драздоўскі (тэл.: +375 29 5645195)
- Пінская дыяцэзія – кс. Павел Рудзьман (тэл.: + 375 29 7900093)
Падрыхтавала Марына Сінкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
