Адчыняем дзверы ў кляштар сясцёр Эўхарыстак у Браславе і ўжо здалёк чуем гасцінны голас сястры Таццяны Гмыза:
Праходзьце, калі ласка! Я вас ужо чакаю.
Распачаўся перыяд Адвэнту – радасны час прыгатавання да нараджэння Хрыста. Кожны рыхтуецца па-рознаму: хтосьці змагаецца з нейкай залежнасцю, хтосьці прымае пэўныя пастановы, каб, безумоўна, змяніць сваё жыццё. А сёстры Эўхарысткі, апрача гэтага, займаюцца яшчэ і выпяканнем аплаткаў для нашага Вігілійнага стала. Крыху прыадкрыць таямніцу гэтай справы, паназіраць і пагутарыць вырашылі і мы напярэдадні Каляд.
Усміхаюся і пытаюся:
— А чым Вы гэта тут, сястра, займаецеся?
— Рыхтуюся да свята Божага Нараджэння! Выпякаю аплаткі для шматлікіх парафій Віцебскай дыяцэзіі.
— А калі пачынаеце, сястра Таццяна, выпякаць аплаткі?
— Паколькі лета насычана рэкалекцыямі, рознымі сустрэчамі, акцыямі, то аплаткі пачынаем выпякаць з восені.
— А чым адрозніваецца выпяканне аплатак ад іншай падрыхтоўкі?
— У першую чаргу, гэта служэнне людзям. Уся мая праца (і, безумоўна, праца іншых сясцёр) пранікнута малітвай, клопатам і адданасцю.
— А можа раскрыеце таямнічы склад аплатак?
— Па сутнасці, ніякай таямніцы і няма. Склад вельмі просты: мука вышэйшага гатунку і вада.
— Тады раскажыце падрабязней, як жа на нашым Вігілійным стале з’яўляюцца аплаткі?
— Пры дапамозе спецыяльных машынак-прэсаў выпякаюцца лісты. Потым на працягу некалькіх гадзін яны набіраюцца вільгаці і адпраўляюцца пад прэс, таксама на некалькі гадзін. Потым пры дапамозе звычайных нажніц выразаюцца аплаткі.
— А як жа такія лісты пераўтвараюцца ў гостыі і камуніканты, традыцыйнай круглай формы?
— Яны выразаюцца на машынках або выпякаюцца ў спецыяльных формах.
— Гэта своеасаблівая праца. А ці падабаецца яна Вам?
— Мне вельмі падабаецца час, калі выпякаю аплаткі, бо тады я больш знаходжуся ў адзіноце і маю асаблівую магчымасць застанавіцца над сваім жыццём, памаліцца за тых людзей, якія будуць спажываць аплаткі, каб кожны з іх мог прабачыць адзін аднаму, бо гэта хлеб адзінства.
— Вашы пажаданні вернікам на свята Божага Нараджэння.
— Жадаю, каб кожны падчас Вігіліі, калі будзе дзяліцца аплаткай, змог прабачыць усе крыўды, таму што мы маем вельмі мала часу і трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну. Не мець зла на бліжняга і старацца не проста любіць, але служыць іншаму чалавеку. Няхай сёлетнія святы Божага Нараджэння прынясуць супакой, любоў, паяднанне ў кожнае сэрца і кожныя адносіны.
