Прадстаўляем паважаным чытачам нованадрукаваную кнігу “Ахопленыя надзеяй” пра гісторыю Касцёла і Таварыства св. Францішка Сальскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі з 1921 па 1991 гады.
Галоўная мэта дадзенай працы, аўтарам, якой з’яўляецца салезіянін кс. Артур Ляшнеўскі — гэта даследаванне і апісанне дзейнасці Таварыства св. Францішка Сальскага на беларускіх зямлях падчас трох перыядаў — у міжваенны, ваенны і пасляваенны да 1991 года. У гэтай працы таксама прадпрынятая спроба адказаць на пытанне: «Які ўплыў мела прысутнасць салезіянаў на тагачаснае і цяперашняе душпастырства і выхаваўчую працу на тэрыторыі сучаснай Беларусі?». У тэксце працы таксама падкрэсліваецца вялізны ўклад салезіянскіх місіянераў у ваенны і пасляваенны перыяды ў справу ратавання і адраджэння каталіцкай веры ў краіне.
Аўтар сабраў у гэтай пазіцыі ўжо вядомыя даследаванні, дапаўняючы іх новай інфармацыяй і сведчаннямі. У працы разглядаецца перыяд з 1921 па 1991 гг. У 1921 годзе ў Дварэц прыязджае першы салезіянін, кс. Людвік Гастыля, а ў 1991 годзе кс. Юзаф Занеўскі SDB заканчвае справу адраджэння кангрэгацыі ў БССР.
У працы кс. Артур рэканструяваў палітычную і рэлігійную атмасферу, якая панавала на беларускіх землях у кожным з трох вышэй пералічаных перыядаў з мэтаю больш зразумець асяроддзе, адносіны мясцовага насельніцтва і ідэалогію паасобных палітычных плыняў на гэтай тэрыторыі ў вызначаны прамежак часу.
Для дасягнення пастаўленых мэтаў працы былі зроблены запыты ў дзяржаўныя архівы ў Гродне, Мінску, Брэсце, Лідзе, Баранавічах і Вільні. Атрыманыя матэрыялы дапоўнілі шматлікія ўспаміны сабратоў, а таксама іх сведчанні, якія захоўваюцца ў архівах Таварыства св. Францішка Сальскага ў Варшаве і Кракаве. З мэтай збору інфармацыі і правядзення даследавання аўтар асабіста наведаў тыя мясцовасці Беларусі, дзе служылі салезіяне. Варта зазначыць, што Кургана і Рэгінава ўжо няма на карце Беларусі, а адсутнасць інфармацыі пра канкрэтнае месцазнаходжанне салезіянскіх дамоў стала прычынаю памылак у апісанні іх прасторавай лакалізацыі ў ранейшых працах. Пасля некалькіх інтэрв’ю ў 2015 годзе святару атрымалася адшукаць месцы даўнейшага прабывання салезіянаў і ідэнтыфікаваць руіны (фундамент) касцёла пад тытулам св. Яна Боско ў Кургане, а таксама місіянерскай семінарыі ў Рэгінаве.
Новая кніга з’яўляецца добрым матэрыялам, каб даведацца не толькі пра салезіянаў на тэрыторыі нашай Айчыны, але і пра гісторыю Касцёла на нашай Бацькаўшчыне ў апрацаваны перыяд часу. У працы сабраныя шматлікія дакументы і сведчанні пра мучаніцтва беларускага духавенства, якое на жаль усё больш забываецца сучаснікамі. Памяць пра асобаў, якія сасаджывалі зерне Евангелля і ратавалі яго ў нашай краіне – наш святы абавязак!
Набыць кнігу можна у салезіянскіх парафіях:
- Парафія Св. Яна Хрысціцеля – Мінск (Серабранка)
- Парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў – Бараўляны
- Парафія Св. Міхала Арханёла – Смаргонь
- Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – Дзятлава
- Парафія Святых Апосталаў Пятра і Паўла – Жупраны
Кс. Артур Ляшнеўскі SDB
