Восень жыцця. Меркаванне

На працягу доўгага часу я супрацоўнічаю з дзённым аддзяленнем для грамадзян сталага ўзросту мясцовага ТЦСАН. На базе аддзялення ладзяцца літаратурныя вечарыны, конкурсы чытальнікаў вершаў і іншыя імпрэзы. Многія з наведвальнікаў і самі пішуць вершы, якія пасля прыносяць для друку. Некаторыя маюць філалагічную адукацыю, іншыя ж адкрылі ў сабе літаратурны талент на схіле жыцця. Нядаўна адну з нашых паэтак спаткала на вуліцы. Прыпынілася, каб павітацца ды спытаць пра жыццё. Жанчына расказала пра тое, што ў сезон штодня бегае ў грыбы: “Я нават верш пра ціхае паляванне напісала. Во, пачытайце!, – зазначае паэтка і дастае з сумкі аркуш з выведзенымі роўнымі радкамі.

Чытаць на вуліцы нязручна, але кідаю вокам на тэкст, каб не пакрыўдзіць аўтара. І ўжо чакаю наступнага пытання. І яно ў хуткім часе паступае: “Дык, можа, і для вашай літаратурнай старонкі верш прыдасца?, – з хітраватай усмешкай пытае жанчына. “Абавязкова надрукуем”, – запэўніваю аўтарку, і на гэтым мы развітваемся.

Зусім нядаўна ў жаночай літаратурнай кагорце з’явіўся мужчына. У чарговы панядзелак ён завітаў у рэдакцыю і прынёс некалькі сваіх вершаў. “Адзін з іх я нават Вам прысвяціў. У Вас вельмі прыгожыя вочы. А, як ведаеце, вочы – душэўнае люстэрка, – адзначыў аўтар.

Я падзякавала за нечаканую ўвагу, а пасля пагартала аркушы з творамі. На першы погляд, усе тры смела можна было б аднесці да інтымнай лірыкі. У цэнтры – жаночы вобраз і яркая пачуццёвасць. Чытаючы ж паміж радкоў, кожны твор можна назваць рэквіемам па страчанай маладосці. Сівыя скроні, маладая душа – дысананс паміж знешнім і ўнутраным быў бачны ў кожным радку. У свае семдзясят з невялікім аўтар робіць “рэвізію” свайго жыцця, шкадуючы пра тое, што не ўдалося рэалізаваць і ўвасобіць.

Восень жыцця… Гэта прыгожая і ў той жа час сумная жыццёвая пара. Яна атаясамліваецца са зборам плёнаў. А яны, зразумела, ёсць у кожнага. У кагосьці гэты плён праяўляецца ў добрых справах, зробленых за жыццё, хтосьці адчувае невымерны гонар за выхаванне дзяцей і ўнукаў, іншыя ж ганарацца інтэлектуальнымі і матэрыяльнымі набыткамі.

Аднак ёсць і іншы бок медаля. Нават самы прыгожы твар з гадамі пакрывае сетка зморшчын, самая роўная спіна схіляецца пад цяжарам пражытых гадоў. Такі закон жыцця. Абмінуць ці змяніць яго немагчыма. А яшчэ вельмі часта гэта час татальнай адзіноты. Дзеці выраслі, у большасці наведвальнікаў няма ўжо побач і другой паловы. Застаюцца толькі тэлевізар, тэлефон ды хатні гадаванец. Няма з кім падзяліцца думкамі, пачуццямі. Менавіта таму аддзяленне становіцца для гэтых асобаў сапраўднай аддушынай: тут можна рэалізаваць свае таленты, асвоіць штосьці новае і проста паразмаўляць з людзьмі. У маладосці ж, наадварот, часам не хапае простай магчымасці пабыць сам-насам, падумаць, напоўніцца цішынёй і спакоем, каб пасля з новымі сіламі вярнуцца ў соцыум. У людзей старэйшага веку збан адзіноты часцей за ўсё перапоўнены, таму яны шукаюць нагоды для гутаркі, робяць рэтраспекцыю ў мінулае і расказваюць пра сваю штодзённасць.

Калісьці пачула афарызм: “Калі б маладосць ведала, а сталасць магла”. Гэтыя словы вельмі спадабаліся, бо змяшчаюць у сабе сапраўдную жыццёвую мудрасць. У юнацтве часцей за ўсё жыццё будуецца на адчуваннях, запале, а ў сталым узросце ў гульню ўступае мудрасць і жыццёвы вопыт. Людзі сталага веку – сапраўдная крыніца мудрасці. Знаходзячыся побач з імі, здаецца, напаўняешся гэтай глыбінёй і пераймаеш жыццёвы вопыт. Размаўляючы з імі, разумееш, якім хуткаплынным з’яўляецца час.

Цяпер я раблю шмат фотаздымкаў і раздрукоўваю іх, змяшчаючы ў альбом. Моманты знікаюць, раствараюцца і ніколі больш не паўторацца. Гартаючы альбомы, бачу маладую і ўсмешлівую маму, яшчэ зусім маленькую дачушку, сур’ёзнага і разважлівага тату, а таксама бабуляў, якіх даўно няма побач.

Час ідзе, засыпаючы твар зморшчынкамі, а арганізм – усё новымі і новымі хваробамі. Аднак душа застаецца па-ранейшаму маладой, прыгожай і чулай, калі клапаціцца пра яе належным чынам. Акурат так, як Маленькі Прынц з казкі Антуана Экзюперы клапаціўся пра сваю Ружу…

Сведка Божай любові

для друку для друку