Лета – гэта час падарожжаў і прыгодаў. Час, калі чалавек можа адкрываць для сябе нешта новае і цікавае. Канешне, для дасягнення мэты можна паехаць у далёкія краіны, а можна наведаць нязведанае раней месца ў Беларусі і зразумець, як шмат цудоўнага зусім побач. Галоўнае – убачыць гэтыя цуды.
Адно з такіх месцаў – мястэчка Лучай, што знаходзіцца на Пастаўшчыне. Пад’язджаючы да яго, адразу пачынаеш захапляцца несамавітай прыгажосцю. Агромністыя зялёныя дрэвы, маленькія вясковыя дамкі, удалечыні – абрысы Лучайскага возера …. І, быццам гаспадар мястэчка, узвышаецца велічны касцёл святога Юды Тадэвуша.
Гісторыя храма цесна звязаная з родам Агінскіх. У 1731 годзе гэтыя землі выкупіла Альжбета Агінская. Яна і запрасіла сюды манахаў з ордэна езуітаў. Цікава, што звычайна езуіты не прыязджалі ў невялікія мястэчкі. Свае храмы і калегіумы яны традыцыйна размяшчалі ў сярэдніх і буйных гарадах. Касцёл жа святога Юды Тадэвуша быў пабудаваны менавіта ў вёсцы. Туды мы і накіроўваемся.
Трапляючы на тэрыторыю парафіі, зноў захапляемся: навокал касцёла і парафіяльных будынкаў чыста, прыгожа і па-святочнаму прыбрана. Пробашч, ксёндз Яўген Міхайлаў, тлумачыць: гэта напярэдадні адпустовай урачыстасці святых Яўхіма і Ганны парафіяне арганізавалі талаку, каб навесці парадак на тэрыторыі і ў храме.
Ідзём у плябанію – дом, дзе жыве ксёндз Яўген, і пачынаем слухаць новую цудоўную гісторыю. Малады святар прыехаў у Лучай сем гадоў таму. Адразу перад ім адкрылася шмат новых задач: плябанія, касцёл і парафіяльная тэрыторыя патрабавалі вялікіх рамонтных прац і добраўпарадкавання.
– А ці займаліся Вы такімі справамі раней? – пытаюся ў святара.
– Не, але я зразумеў, што трэба проста браць і рабіць, не зважаючы на страх і адсутнасць вопыту.
Вынікі працы нельга недаацэньваць. Перад намі – з густам пабудаваная плябанія, парафіяльны дом, кветкі самага рознага кшталту, прыгожы сад са старадаўнімі яблынямі, грушамі і нават грэцкімі арэхамі. Сапраўдны куточак раю на зямлі.
Між іншым, ксёндз Яўген не толькі будуе, але і праводзіць важную душпастырскую працу – гэта цэлебрацыя святой Імшы, набажэнствы, удзяленне сакрамантаў, падрыхтоўка да хросту, шлюбу і першай святой Камуніі. Улетку тут праводзяцца “Канікулы з Богам”, а напрыклад, на парафіяльнае свята ўсіх чакалі забаўляльная праграма і пачастунак са смачным марозівам.
Па дарозе да святыні ксёндз Яўген дзеліцца яшчэ адной цудоўнай гісторыяй. Каля касцельных муроў рос вялізарны ясень. Колькі гадоў дрэву – не ведаў ніхто, вельмі яно было старое. Аднойчы ўначы святар пачуў трэск – гэта паваліўся ясень. Сапраўдны цуд, што вялікае дрэва звалілася ўначы, не нашкодзіўшы людзям, трапіла не на тэрыторыю касцёла, а паміж елак.
Працягваючы размову з ксяндзом Яўгенам, пытаюся:
– Што першае захацелася зрабіць у касцёле, калі Вы сталі пробашчам?
– Аднавіць старадаўнюю традыцыю хросту, – адказвае святар.
І паказвае яшчэ адзін цуд – каменны баптыстэрый. Гэта месца, дзе адбываецца сакрамант хросту. Аказваецца, што ў лучайскім касцёле спачатку хрысцілі чалавека, а потым ён праходзіў у храм, таму і баптыстэрый стаіць каля самага ўваходу. Яго аднаўленне стала першай справай пробашча парафіі.
Старажытны касцёл уражвае сваім дэкаратыўным фрэскавым роспісам у стылі грызайль. На сценах – выявы сямі Сакрамантаў Касцёла. У галоўным алтары бачым вялікую выяву Хрыста ўкрыжаванага. Яе таксама аднаўлялі зусім нядаўна. Цікава, што крыж цалкам драўляны, і на ім адлюстраваныя адмысловыя выявы мёртвага цела, каб падкрэсліць пакуты Збаўцы.
Тут, у галоўным алтары, змешчаны званок, які гучыць на пачатку святой Імшы. “Гэта маленькі гук Італіі ў нашай святыні,” – кажа ксёндз Яўген. І распавядае, што званок сапраўды выраблены ў Італіі. Хто і калі прывёз яго сюды – невядома, але цудоўныя гукі насамрэч радуюць сэрцы парафіянаў і гасцей.
Па прыступках са старадаўняй цэглы падымаемся наверх, каб паглядзець арган.
– Была раней такая прымаўка: жанчыны схадзілі памаліцца, дык усе спадніцы чырвоныя, – жартуе ксёндз Яўген. Ён тлумачыць, што падлога храма раней была з чырвонай цэглы, ад якой і чырванела адзенне пабожных жанчын, калі яны станавіліся на калені.
Зараз на падлозе плітка пачатку ХХ стагоддзя. Яе вытворцам была польская фабрыка “Марвел Радом”. Праўдападобна, што ў лучайскую святыню яна трапіла праз Вільню.
Слухаем гісторыю пра падлогу, а самі падымаемся на хоры касцёла, каб дакрануцца да цуду – старажытнага драўлянага аргана. Ён быў усталяваны тут у 1811 годзе, калісьці меў дванаццаць галасоў, а цяпер – толькі пяць. Але цудоўныя гукі інструмента можна пачуць падчас Імшы і сёння.
Падымаемся вышэй, на званіцу. І бачым адзін з найстарэйшых званоў у Беларусі. Па інфармацыі даследчыкаў яму каля 430 гадоў. Як гэты звон трапіў у парафію, дакладна невядома. Напэўна, гэта яшчэ адна цудоўная і таямнічая гісторыя.
Спускаючыся са званіцы, бачым цікавую экспазіцыю – гэта старадаўнія рэчы: літургічнае начынне, адзенне, абразы, малітоўнікі, медалікі. Усё гэта ці знайшлі ў касцёле, ці прыносілі парафіяне, каб святыя рэчы былі захаваныя.
Заходзім у сутарэнні. Тут былі захароненыя фундатары храма і святары, якія працавалі ў касцёле. На жаль, падчас атэістычнага ліхалецця гэтыя магілы былі разбураныя. І зноў заўважаем штосьці цудоўнае: тут няма класічнага падмурка. Літаральна храм трымаецца на арках з цэглы і вапны.
Мы развітваліся з ксяндзом Яўгенам пад далікатны клёкат буслоў. Яны любяць сядзець на высокіх вежах храма, узіраючыся ў бясконцую далячынь. Слухаючы гэты клёкат, кожны з нас думае пра сваё. Я, напрыклад, пра тое, колькі ж яшчэ ў Лучайскай парафіі засталося таемных, неасветленых рэчаў. Убачыць іх можа кожны. Застаецца толькі наведаць мястэчка.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота