Вядомы вынікі першага туру ўступнага экзамену ў семінарыі ў Гродне і Пінску

24 ліпеня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся першы тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.

Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця Паўсюднага і лакальнага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл. Акрамя таго, кандыдатам трэба было растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом, які кліча іх да працы ў Яго аўчарні ў якасці святароў.

Экзамен прымала экзаменацыйная камісія ў наступным складзе:

старшыня камісіі — біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, старшыня камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі;

ксёндз Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне;

ксёндз Павел Эйсмант, куратар 1-га курсу.

Пасля пісьмовай часткі экзамену кандыдаты сустрэліся з адным з членаў камісіі на кваліфікацыйнай размове.

Экзаменацыйная камісія, праінфармаваўшы пра сваё рашэнне дыяцэзіяльных біскупаў, з чыіх дыяцэзій паходзяць кандыдаты, і атрымаўшы іх благаслаўленне і згоду, паведамляе, што новымі навучэнцамі семінарыі ў Гродне сталі:

з Гродзенскай дыяцэзіі:

Віталій Сямёнаў (парафія Узвышэння Святога Крыжа, Ліда)

Аляксей Ціхан (парафія Узвышэння Святога Крыжа, Ліда)

Аляксей Залога (парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Канвелішкі)

з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

Віталь Стасюкевіч (парафія Узвышэння Святога Крыжа, Мінск)

з Віцебскай дыяцэзіі:

Ян Каськевіч (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мёры)

Другі тур уступнага экзамену ў Вышэйшыя духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску адбудзецца 12–13 жніўня па адрасе: г. Мінск, вул. Кальцова, 153.

Усіх зацікаўленых сардэчна запрашаем на ўступны экзамен у жніўні і просім усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых і святых пакліканняў да святарства.

Catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі