Касцёл у Францыі адзначае рэзкі рост цікавасці да рэкалекцый, якія праводзяцца ў манаскіх супольнасцях. Летась зарэгістравалася больш за 75 тысяч чалавек. Сярод іх усё больш мужчын, а таксама непрактыкуючых. «Тыя, хто прыязджае на рэкалекцыі, удзельнічаюць у жыцці манаскай супольнасці на працягу некалькіх дзён. Яны прытрымліваюцца цішыні і строгага малітоўнага распарадку».
«Сама прысутнасць манаскай супольнасці ўжо з’яўляецца для іх евангелізацыяй», — кажа брат Марі з цыстэрцыянскага абацтва Лерэн. Зарэгістравацца можна праз платформу Ritrit. У 2022 годзе ёю скарысталіся 16 тыс.чалавек, у наступным годзе — 50 тыс., а ў мінулым годзе — ужо 75 тыс.
Аўгусцін Марбахер, дырэктар платформы, адзначае, што прапанова платформы з 2023 па 2024 год з’яўляецца актуальнай і ахоплівае 150 манастыроў. Таму павелічэнне колькасці заявак звязана выключна з ростам цікавасці да манаскага жыцця.
На рэкалекцыі ў кляштары людзі прыязджаюць па вельмі розных прычынах. Адны рыхтуюцца да шлюбу, іншыя мяняюць працу, распазнаюць жыццёвы шлях, перажываюць нейкі крызіс. Размаўляючы з журналістам штотыднёвіка Famille Chrétienne, 22-гадовая Тыфані сказала: «У бенедыктынскі манастыр яна прыйшла, каб адсвяткаваць заканчэнне вучобы:я хацела падвесці вынікі свайго студэнцкага жыцця, перш чым трапіць у прафесійны свет». Дзяўчына адзначае, што ўвесь план рэкалекцый пабудаваны вакол малітвы манаскай супольнасці. І гэта тое, што адрознівае іх ад паўсядзённага жыцця, калі мы павінны знаходзіць час для малітвы.
Брат Люсьен з абацтва Сіто заўважае, што многія ўдзельнікі рэкалекцый «уцякаюць» у манастыры ад мітусні свету. «Людзям становіцца горш, яны шукаюць цішыні і спакою, каб адарвацца ад гэтага жыцця», — адзначае ён.
У манастыры яны ўдзельнічаюць у малітве, могуць пагутарыць з манахамі, а таксама папрацаваць на цыстэрцыянскай сыраварні. Брат Марі падкрэслівае, што ва ўмовах вялікага наплыву людзей неабходна паклапаціцца аб захаванні атмасферы, якая адпавядае манаскаму жыццю.
Абацтва абавязвае весці строгі лад жыцця з такімі правіламі, як цішыня і пунктуальнасць. «Людзі часта баяцца цішыні. Але гэты страх хутка праходзіць, таму што наша структура добразычлівая: мы даем удзельнікам рэкалекцый спакой, а дакладней расклад дня, які дзейнічае на іх заспакойліва», — дадае французскі цыстэрцыянец.
Паводле credo.pro
пераклад Марыны Ткач
