У Заневічах з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ўшанавалі памяць святароў Казіміра Жыліса і Ежы Стэцкевіча

26 чэрвеня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Заневічах, дзе благаславіў дзве мемарыяльныя дошкі, усталяваныя ў гонар святароў, якія шмат зрабілі для аднаўлення рэлегійнага жыцця ў Беларусі. 

На Імшы шматлікія прысутныя парафіяне і госці маліліся аб дары вечнага жыцця для двух спачылых святароў – ксяндза прэлата Ежы Стэцкевіча і айца Казіміра Жыліса SI, якія засталіся ў гісторыі мясцовай парафіі.

У гаміліі арцыбіскуп казаў пра безумоўную адданасць і вернасць пакліканню гэтых святароў.

„Айцец Казімір Жыліс быў езуітам, і калі ў Беларусі адчуваўся вялікі недахоп святароў, ён прыехаў служць у Індуру. Пры гэтым абслугоўваў шмат іншых парафій, у тым ліку і асірацелую пасля смерці ксяндза Юзафа Мацяеўскага каталіцкую супольнасць у Заневічах, – нагадаў іерарх. – Ён клапаціўся не толькі пра матэрыяльны стан давераных яго апецы касцёлаў, але перадусім пра духоўнае дабро душаў і пра справу паклікання. З-пад яго рукі выйшаў не адзін святар, у тым ліку і сённяшні Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Юзаф Станеўскі”. Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што айцец Жыліс першым распачаў відэадакументацыю адраджэння Касцёла на Беларусі, стварыўшы неацэнную хроніку гэтага працэсу.

Арцыбіскуп эмерыт нагадаў, што ксёндз Ежы паспрыяў і адраджэнню Касцёла на Беларусі, часта прыязджаў, дапамагаў аднаўляць касцёл у Заневічах, разам з братам Андрэем пабудаваў у гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай, заснавальніцы кангрэгацыі сясцёр Езуса Змёртвыхпаўсталага, капліцу ў Абрамшчыне недалёка ад Заневічаў і зрабіў шмат іншых добрых спраў на ніве Пана.

Па словах іерарха, святары Казімір Жыліс і Ежы Стэцкевіч пакінулі як заўважны матэрыяльны, так і глыбокі духоўны след у справе адраджэння Касцёла на Беларусі.

„Яны верна і да канца служылі Богу, Касцёлу і вернікам, пакуль хвароба каранавірусу не стала прычынай іх смерці, – адзначыў арцыбіскуп. – Айцец Казімір памёр у Варшаве і там пахаваны. Ксёндз Ежы памёр у Калініградзе і пахаваны там пры пабудаваным ім касцёле святога Адальбэрта. Удзячныя за яго ахвярную працу вернікі напісалі на помніку на яго магіле вельмі прыгожыя і кранальныя словы на рускай мове: „Ушёл, чтобы остаться“. Айцец Казімір і ксёндз Ежы адышлі, каб застацца ва ўдзячнай памяці людзей”.

„Няхай мемарыяльныя дошкі ў іх памяць нагадваюць аб нашым абавязку адказваць „так“ на кожны Божы заклік і заставацца вернымі свайму пакліканню, бо ў гэтым наша шчасце, а добры і міласэрны Бог няхай прыме іх у сваё Валадарства”, – сказаў арцыбіскуп.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

для друку для друку