У Віцебску адбылася працэсія Божага Цела (дадалося відэа)

У суботу, 1 чэрвеня, вернікі Віцебскай дыяцэзіі разам са святарамі прайшлі працэсіяй па вуліцах горада. У мерапрыемстве ўдзельнічала каля паўтысячы вернікаў.

Шэсце пачалося пасля святой Імшы ў катэдры Езуса Міласэрнага, тут жа ў двары катэдры быў зроблены першы алтар. Усяго, як вядома, у працэсіі Божага Цела арганізоўваюцца чатыры алтары. Як адзначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч “гэтая працэсія ёсць сведчаньнем нашай веры”.

Працэсія з рэлігійнымі спевамі пад музыку духавога аркестра прайшла ад катэдры да касцёла Святога Духа. Па шляху працэсіі былі арганізаваныя два алтары, якія падрыхтавалі віцебскія грэка-католікі. Чацвёрты алтар быў падрыхтаваны каля касцёла Святога Духа.

Святочную калону суправаджалі супрацоўнікі міліцыі і медыкі. Як адзначыў канцлер Віцебскай дыяцэзіі, арганізатары працэсіі не аплочвалі паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў. Гэта стала магчымым у выніку перамоваў з гарадскімі ўладамі.

Зміцер Лупач, тэкст
Маргарыта Юрык, фота
Леанід Юрык, відэа
Больш здымкаў можна пабачыць тут і тут

для друку для друку