12 чэрвеня Каталіцкі Касцёл узгадвае 108 бласлаўлёных мучанікаў, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыю гэтых асоб у 1999 годзе здзейсніў Святы Айцец Ян Павел ІІ. Біскупы, святары, клерыкі, манахі і манахіні, а таксама свецкія вернікі засведчылі сваю гераічнасць у самыя складаныя часы пераследу і выпрабавання веры. Сярод той сотні людзей, якія аддалі жыццё за Хрыста і бліжніх, быў пробашч парафіі ў Дрысе (цяпер Верхнядзвінск) кс. Мечыслаў Багаткевіч.
12 чэрвеня 2024 года ў Верхнядзвінскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі святая Імша распачалася ўнясеннем у касцёл абраза бласлаўлёнага кс. Багаткевіча. Сімвалічным стала тое, што здзейснілі гэта цяперашнія пробашчы парафій у Пеліканах і Верхнядзвінску, бо менавіта з Пеліканаў у Дрысу прыехаў на святарскае служэнне бласлаўлёны Мечыслаў Багаткевіч.
“Хацелася падкрэсліць гэты момант, што кс. Уладзіслаў Шарковіч і я вяртаем гэтую памяць пра святара ў Верхнядзвінск. Молімся, каб культ бласлаўлёнага развіваўся ў нашай парафіі і ў Беларусі”, — на самым пачатку прамовіў кс. Аляксандр Грыцкевіч і працягнуў: ”Сёння першы раз у гісторыі Віцебскай дыяцэзіі так урачыста святкуецца ўспамін бласлаўлёных святароў – марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры з Росіцы, Мечыслава Багаткевіча, Станіслава Пыртака і Уладзіслава Мацьковяка — мучанікаў з Беразвечча. Дзякую Богу за тое, што Верхнядзвінск распачынае гэтую традыцыю”. Кс. Аляксандр прывітаў шаноўных гасцей-святароў, якіх шмат сабралася на гэтую ўрачыстасць. Галоўным цэлебрантам Літургіі стаў генеральны вікарый кс. пралат Францішак Кісель з Полацка, гамілію прамовіў кс. канонік Мікалай Ціхановіч з Глыбокага.
Ксёндз Мікалай коратка ўзгадаў біяграфію бласлаўлёнага святара. Мечыслаў Багаткевіч нарадзіўся 1 студзеня 1904 года каля Дунілавічаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Сітцах, пасля вучыўся ў Будславе. Скончыў Пінскую духоўную семінарыю. Пасля пачатку ІІ сусветнай вайны працаваў пробашчам у Пеліканах, з 1 снежня 1941 года да 16 студзеня 1942 года — у Дрысе. Там доўгі час не было святара, бо парафія знаходзілася ва ўсходняй Беларусі, дзе шмат год ішла ваяўнічая атэізацыя. Святар распачаў актыўную душпастырскую працу, якая не спадабалася акупантам. 16 студзеня 1942 года яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме. А 4 сакавіка ён быў расстраляны пад Глыбокім разам з ксяндзом Уладзіславам Мацьковякам і Станіславам Пыртакам. Святар меў толькі 38 гадоў жыцця, з іх 9 год святарства.
Далей кс. Мікалай у сваёй гаміліі звярнуў увагу, што кс. Мечыслаў Багаткевіч меў у сабе Божага духа, адвагу і перадусім давер Богу. У сваім апошнім лісце святар напісаў: «…У гэтую ноч ідзем на смерць (…) Відаць, такая Божая воля, бо я мог уцячы з Дрысы, таксама і адсюль, але баяўся, каб не зруйнаваць Божую волю і каб пазней пры смерці не мець папрокаў сумлення…» Ён адчытаў гэта як волю Божую, ехаў у місійную парафію з канкрэтнымі намерамі быць з народам Божым і ўцякаць адсюль не жадаў. Бласлаўлёны кс. Мечыслаў, падобна Хрысту на крыжы, меў адкрытае сэрца на Неба і таксама маліўся за сваіх ворагаў і прабачыў тым, хто яго нявінна асудзіў, потым забіў.
Пасля казання кс. пралат Францішак асвяціў абраз кс. Багаткевіча, які пазней зойме пачэснае месца ў верхнядзвінскім касцёле.
2024 год таксама мае асаблівую значнасць — спаўняецца 120 год з дня нараджэння бласлаўлёнага святара Багаткевіча.
Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі ў Варшаве казаў так: “Бласлаўлёныя мучанікі звяртаюцца да нашых сэрцаў: паверце, што Бог гэта любоў, абудзіце ў сабе надзею. Няхай гэтая надзея прарасце ў вас плодам вернасці Богу ў кожным выпрабаванні”.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
