У Ватыкане адбылося адкрыццё ясляў і ёлкі на Плошчы Святога Пятра

Увечары 15 снежня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане адбылася традыцыйная ўрачыстая цырымонія адкрыцця бэтлеемскіх ясляў і запальвання агеньчыкаў на галоўнай каляднай ёлцы. Яна сабрала шматлікіх вернікаў, пілігрымаў і турыстаў, а таксама дэлегацыі ахвярадаўцаў гэтых калядных сімвалаў.

Удзельнікам цырымоніі былі ўрачыста прадстаўлены яслі, якія сёлета вырабілі ў дыяцэзіі Начэра-Інферыёрэ-Сарна. Сваімі архітэктурнымі элементамі і культурнымі матывамі яны нагадваюць поўдзень Італіі. Фонам для фігур Святой Сям’і стаў баптыстэрый базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Начэры-Суперыёрэ, фантан “Гельвіюс” у мястэчку Сант-Эджыдыё-дэль-Монтэ-Альбіна, а таксама ўнутраныя дворыкі, тыповыя для мясцовасці, дзе жыў святы Альфонса Марыя дэ Лігуоры. Яслі займаюць прастору памерам 17 на 12 метраў, вышынёй да 7,7 метра, фігуры выкананы ў натуральны рост.

Разам з стаенкай урачыста адкрылі і калядную ёлку — 25-метровую прыгажуню вагой каля 80 цэнтнераў, аздобленую сотнямі зіхатлівых агеньчыкаў. Сёлета яна была дастаўлена з даліны Валь-д’Ульціма ў правінцыі Бальцана. Пасля свята драўніна пойдзе на экалагічныя і дабрачынныя мэты.

Урачыстасць узначаліла сястра Рафаэла Петрыні, старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. У сваёй прамове яна падкрэсліла, што мір – гэта дар ад Бога, які патрабуе ўвасаблення ў штодзённым ладзе жыцця.

Дадатковую духоўную глыбіню падзеі дадаў той факт, што яна адбылася напрыканцы Юбілейнага года і напачатку падрыхтоўкі да 800-годдзя смерці святога Францішка Асізскага, які ўпершыню ў гісторыі стварыў бэтлеемскія яслі.

Сястра Петрыні падзякавала ахвярадаўцам, назваўшы іх жэст падарункам для Касцёла і прыкладам супрацоўніцтва паміж народамі і культурамі дзеля сапраўднага міру. Яна таксама абвясціла, што ў наступным годзе яслі для Плошчы Святога Пятра будуць створаны Італьянскай асацыяцыяй сяброў батлейкі з Атэсы, у правінцыі Кьеці, ёлку падарыць муніцыпалітэт Тэранова-дзі-Паліна, у правінцыі Патэнцы, у той час як яслі для Залы Паўла VI падрыхтуе фонд карнавала у Віярэджа.

Яслі і ёлка будуць радаваць наведвальнікаў галоўнай ватыканскай плошчы да 11 студзеня 2026 года, калі будзе адзначацца свята Хросту Пана, якім завяршыцца святочны перыяд Божага Нараджэння.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку