“Дзякуй Табе, Пане, што Ты мяне выбраў!” – словы гэтага дэвізу вельмі яскрава перадаюць настрой і сэнс святочнай Эўхарыстыі, падчас якой у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні складалі падзяку Богу за 25-годдзе манаскіх абяцанняў с. Веранікі Блізнюк і за 150 гадоў з моманту заснавання Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі.
150 гадоў – гэта вельмі вялікі і значны юбілей, які паказвае ўсемагутнасць Божага Провіду і актуальнасць салезіянскай харызмы св. Яна Боска і св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло ва ўсім свеце. З гэтых 150 гадоў ужо амаль 31 год сёстры служаць на беларускай зямлі. Адна з першых сясцёр салезіянак з беларускай зямлі с. Вераніка адзначае ў бягучым годзе юбілей 25-годдзя манаскіх абяцанняў.
Гэты дзень быў таксама для усіх нас нагодай задумацца над абяцаннямі, якія мы складалі Богу падчас розных сакрамэнтаў, і яшчэ раз аднавіць сваю гатоўнасць выконваць іх з верай і любоўю.
Святочную Эўхарыстыю узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Падчас казання ён зазначыў, што важна не баяцца адказаць на Божы заклік, як гэта ўчыніла сястра юбілярка. Бог выбраў с. Вераніку, паклікаў яе і зрабіў сваёй умілаванай на вякі.
Падчас св. Імшы важным момантам быў акт аднаўлення манаскіх абяцанняў с. Веранікі Блізнюк: “Божа, Ойча, Ты асвяціў мяне праз хрост, і цяпер моцай Твайго Духа клічаш мяне больш бліжэй ісці за Езусам Хрыстом, каб яшчэ глыбей удзельнічаць у Яго збаўчай місіі ў Касцёле…”. Пасля гэтага біскуп Аляксандр перадаў сястры юбілярцы сімвал – запаленую свечку, знак святла Хрыста і знак вернага чування, кажучы: “Няхай твая лямпа гарыць заўсёды, на чыстым падсвечніку, ад вечара да раніцы, перад Панам, у вечнай падзяцы”. (пар. Лев 24, 3-4).
Пасля св. Імшы было шмат віншаванняў, таксама ўсіх чакала вясёлая святочная праграма ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі, і смачны абедзенны пачастунак дома ў сясцёр.
Каб добра адчуць атмасферу гэтага юбілейнага дня, варта прыгадаць словы падзякі с. Веранікі, якія яна прамовіла на прыканцы Эўхарыстыі:
“У гэты асаблівы для мяне дзень, разам з усім Касцёлам, Табе, Ойча міласэрнасці і крыніца ўсялякага суцяшэння і чалавечага шчасця, я, с. Вераніка Блізнюк сёння ўзношу гімн благаслаўлення і ўдзячнасці за дар жыцця… Благаслаўляю Цябе і прашу: захавай мяне ў вернасці абавязацельствам, прынятым 7 жніўня 1997 года, каб, калі Ты паклічаш мяне сузіраць Тваё аблічча, я была руплівай у чаканні і палымянай у любові.
“Дзякуй Табе, Пане, што Ты мяне выбраў”, – менавіта такія словы я выбрала для сябе на сённяшнее свята. А цяпер, чуючы столькі прыгожых слоў ад усіх вас і адчуваючы вашу дабразычлівасць і падтрымку, моцна ўпэўнена, што сапраўды гэтыя словы выказваюць усё тое, што маю ў маім сэрцы”.
Выказваючы шчырую любоў і удзячнасць сваім бацькам, с. Вераніка нагадала, што яе шлях паклікання напэўна ад самага пачатку не быў для іх простым, а, можа, нават і зусім незразумелым. Былі і цяжкія моманты, аднак бацькі прынялі яе і тое, кім яна абрала стаць на ўсё жыццё.
Звяртаючыся з падзякай да біскупа Аляксандра, сястра між іншым нагадала: “Я вельмі ўдзячна вам, бо вы былі адным з першых, хто ад самага пачатку суправаджаў мяне на шляху паклікання. Калісьці, больш за 30 гадоў таму, калі яшчэ не было ў Смаргоні нашых сясцёр, мы разам рыхтаваліся да законнага жыцця і вы для мяне былі такім сур’ёзным крыху старэйшым братам, які заўсёды імкнуўся штосьці падсказаць, дапамагчы. Дзякую вам ад усяго сэрца за ўсе моманты, якія мы перажывалі разам, калі супрацоўнічалі ў парафіі ў Мінску і ў Смаргоні”.
Пасля гэтага с. Вераніка выказала словы падзякі сёстрам салезіянкам і сабратам салезіянам. Яна нагадала, што ўдзячна салезіянскай сям’і, і што вельмі ганарыцца тым, што належыць да Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі, якая святкуе свой 150-гадовы юбілей. Таксама сястра зазначыла, што апошнія 10 гадоў былі для яе выпрабаваннем па прычыне слабога здароўя, аднак кожная сястра і кожны сабрат яе падтрымлівалі, дапамагалі, не давалі апусціць ёй рукі, суцяшалі і падбадзёрвалі. С. Вераніка падкрэсліла і тое, што амаль усё сваё салезіянскае жыццё правяла ў супрацоўніцтве з сабратамі салезіянамі (акрамя аднаго года, калі была ў Бабруйску): у Ружанымстоку ў Польшчы, у Мінску, Рыме, Маскве, Адэсе і ў Смаргоні.
Напрыканцы, дзякуючы ўсім дзецям, моладзі, дарослым і старэйшым, с. Вераніка сказала: “Ад усяго сэрца дзякую вам, што ўчынілі гэты дзень такім радасным і яркім. Ваша прысутнасць зрабіла мяне шчаслівай і ўпрыгожыла маё свята. Дзякуй за гэта падоранае мне свята, за шчырыя віншаванні, добрыя пажаданні і цёплыя словы ў мой адрас, за ўсе падарункі, асабліва духоўныя, за цеплыню вашых сэрцаў, за вашу ўвагу, дабрыню і дабразычлівасць да мяне. Шматлікія з вас адыгралі асаблівую ролю ў маім жыцці, і цяпер займаеце сваё асаблівае месца ў маім сэрцы. Дзякую вам, што падтрымліваеце мяне, адорваеце ўсмешкай і прымаеце мяне. Дзякую вам і буду шчаслівай, калі маё сённяшняе свята стане светлай старонкай і ў вашым жыцці”.
sdb.by
Фота Эліны і Максіма Бекетовыx
