Дзевяцідзённае святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Рыме завяршылася ўрачыстай «плывучай» марыйнай працэсіяй па рацэ Цібр. Калі сонца заходзіла над Вечным горадам, фігура Найсвяцейшай Панны Марыі, размешчаная на носе лодкі «Agrippina Maggiore», адправілася ў кароткі круіз у рымскі раён Трастэверэ.
Працэсія належыць да рымскай традыцыі, якой налічваецца амаль 500 гадоў. Мясцовыя жыхары называюць гэта свята «Festa de’ Noantri», што з рымскага дыялекту перакладаецца як «Наша» свята. Згодна з паданнем, рыбакі знайшлі фігуру Дзевы Марыі ў вусце ракі Цібр пасля шторму ў 1535 годзе. Статую перадалі мясцовым кармелітам, што пражывалі ў Трастеверы, якія асвяцілі яе ў гонар Маці Божай з гары Кармэль.
Святкаванне распачалося 16 ліпеня, у свята Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, калі фігура Марыі была перанесена з касцёла Святой Агаты ў Трастэверэ ў базыліку Святога Хрызагона, дзе заставалася да доўгачаканай рачной працэсіі 24 ліпеня.
Вяртанне статуі ў Трастэверэ, заступніцай якой з’яўляецца Марыя з гары Кармэль, адзначылі феерверкам. Сёлета традыцыйнае свята ўпершыню з пачатку пандэміі COVID-19 прайшло ў поўным фармаце.
П’етра Сальфізі, кіраўнік архібрацтва кармелітаў у Трастэверэ, сказаў, што Маці Божая з гары Кармэль з’яўляецца «прытулкам, дзе мы можам маліцца і давяраць свае думкі і просьбы».
«Для нас у братэрстве Маці Божая з гары Кармэль сімвалізуе пабожнасць, якую мы адчувалі з дзяцінства», — сказаў ён.
– Яшчэ ў дзяцінстве бацькі вадзілі нас у касцёл святой Агаты, каб мы ўдзельнічалі ў працэсіі.
CREDO паводле Catholic World Report
пераклад Марыны Ткач
