31 студзеня 2025 г. у польскіх кінатэатрах выйшаў дакументальны фільм «Сэрца Айца» (арыг. Corazón de Padre), які запрашае гледачоў у натхняльнае падарожжа па слядах св. Юзафа – маўклівага героя Евангелля, апякуна сем’яў і абаронцы Касцёла. Пастаноўка рэжысёра Андрэса Гарыгу — гэта праца, якая набліжае жыццё і заступніцтва аднаго з найважнейшых святых хрысціянства.
Святы Юзаф – узор бацькоўства і даверу Богу
Святы Юзаф, маўклівая постаць Евангелля, стаў узорам пакоры, вернасці і даверу Божай волі. Яго жыццё, нягледзячы на тое, што яно мала апісана ў Святым Пісанні, мела вырашальнае значэнне ў справе збаўлення. Фільм паказвае яго як апекуна Святой Сям’і, які сваімі ўчынкамі і паставай становіцца правадніком у веры для сучасных вернікаў.
Як падкрэслівае кс. доктар Марэк Котынскі, кіназнаўца і выкладчык каталіцкай акадэміі, фільм «Сэрца Айца» раскрывае сэрца сапраўднага бацькі — сэрца, поўнае клопату, любові і даверу, якое з’яўляецца адлюстраваннем сэрца самога Бога. «Гэта фільм, які варта паглядзець. Распавядаецца не толькі пра св. Юзафа, гісторыю якога мы ведаем з Евангелля, хоць у яго постаці хаваецца пэўная таямніца – ён не прамаўляе ніводнага слова ў Святым Пісанні. У фільме пераплятаецца сюжэтная лінія з гісторыяй св. Юзафа, з якога ўсё пачынаецца, а таксама мы наведваем санктуарыі на некалькіх кантынентах, даведваемся аб аб’яўленнях св. Юзафа і шматлікіх сведчаннях яго дзейнасці ў жыцці людзей», — адзначае святар.
Падарожжа па слядах святога
Стваральнікі фільма адпраўляюць гледачоў у падарожжа па мясцінах, асаблівым чынам звязаных з культам св. Юзафа. Мы наведваем Італію, Францыю, Канаду, Іспанію і Польшчу – краіну, дзе ажно 264 касцёлы носяць імя гэтага святога. Асаблівую ролю тут адыгрывае калішскі санктуарый — адно з найстарэйшых месцаў культу св. Юзафа ў свеце. Цудадзейны абраз Святой Сям’і, які знаходзіцца там, прыцягвае пілігрымаў, якія праз яго заступніцтва спазнаюць шматлікія ласкі і аздараўленні.
Фільм паказвае таксама ўнікальную прысутнасць св. Юзафа ў аб’яўленнях і сведчаннях вернікаў. Гэта гісторыі навяртанняў, аздараўленняў і дзеянняў Бога ў хвіліны жыццёвых цяжкасцей. У пастаноўцы падкрэсліваецца, што ў мітусні сучаснага свету заступніцтва св. Юзафа патрэбна як ніколі.
pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
