У першы дзень новага года лепельскія парафіяне ўшанавалі Багародзіцу Марыю

Першы дзень новага года лепельскія парафіяне сустрэлі ў касцёле Святога Казіміра шанаваннем святой Багародзіцы Марыі.

Мінулы год стаўся для касцёла плённым: шмат чаго было набыта, несупынна аздаблялася памяшканне святыні, упрыгожваліся сам будынак і панадворак касцёла. У святым рэлікварыі з’явілася шмат новых рэліквій святых.

Усё гэта цудоўна, але  трэба яшчэ сказаць, што адным з важнейшых прыдбанняў каталіцкай святыні ў гэтым годзе з’явіліся душы новых вернікаў. Сапраўды, на святах ніколі не збіралася такая колькасць наведвальнікаў Імшаў, як у гэтым годзе. І спрыяла гэтаму не толькі ўсе вышэй адзначанае, але і несупынная праца і шчыры клопат пробашча парафіі.

Упершыню наведаўшыя касцёл зацікаўленыя лепельцы і госці горада, захапляліся казаннямі ксяндза Уладзіміра. Яны імкнуліся і ў наступную нядзелю прыйсці ў касцёл адпачыць душой, пры гэтым з салодкім здзіўленнем адчуваючы ў сабе імкненне  тонкіх праменьчыкаў парасткаў веры.

Вось і на ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі з захапляльнага слова пробашча парафіі стала вядома, што першы дзень новага года мае своеасаблівую назву – Дзень Супакою. Марыя для нас ёсць прыкладам таго, што яна прыняла волю Пана Бога і нарадзіла Езуса Хрыста, які стаўся выратавальнікам свету і прынёс супакой усім людзям.

Таму і гэта ўрачыстасць – гэта свята той, каторая прынесла супакой усяму роду чалавечаму, усяму касцёлу, нашай парафіі і нашым сем’ям. І мы павінны шанаваць, берагчы і ганарыцца гэтым святлом супокою, якое падарыла нам Святая Сям’я.

І немагчыма прамінуць на гэта свята словы з цудоўнага медаліка: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас хто ў цябе паратунку шукае«.

Алег Шушкевіч, тэкст і фота

для друку для друку