26 мая ў Новым Пагосце адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Найсвяцейшай Тройцы, менавіта такі тытул мае святыня. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне ксёндз Віктар Сініцкі SCJ, гамілію прамовіў гаспадар парафіі ксёндз канонік Аляксей Асон.
На ўрачыстую святую Імшу а 15-ай гадзіне сабраліся мясцовыя вернікі і госці з суседніх парафій. Перад Эўхарыстыяй адбылося маёвае набажэнста. Перабіраючы ў руках пацеркі ружанца, вернікі ўзносілі свае просьбы і падзякі да Маці Божай і Найсвяцейшай Тройцы, а затым уславілі Багародзіцу праз Ларэтанскую літанію.
Каб годна прыняць удзел ва Эўхарыстыі і скарыстацца магчымасцю атрымання поўнага адпусту, многія вернікі прыступілі да сакраманту споведзі. Святары кс.Уладзіслаў Шарковіч, кс.Алег Зямчонак і кс.Вячаслаў Адамовіч аказвалі паслугу ў канфесіянале і з моцы Духа Святога давалі парады пенітэнтам.
Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксей Асон заахвоціў задумацца над тым, якое значэнне для кожнага веруючага чалавека мае Найсвяцейшая Тройца. Святая Тройца — гэта адзіны Бог у трох асобах: Айцец, Сын і Дух Святы. Гэтыя тры асобы ўвесь час камунікуюць паміж сабой, размаўляючы мовай любові і малітвы. Нам немагчыма зразумець гэтую таямніцу і адну з галоўных праўдаў нашай веры, тым не менш дзякуючы Святой Тройцы мы можам маліцца. Праз анёлаў, якіх паслаў Бог Айцец, мы атрымалі малітву «Вітай, Марыя…». Езус Хрыстус — Сын Божы, навучыў нас малітве «Ойча наш». Дзякуючы дзеянню Духа Святога мы ўзносім свае малітвы да Пана Бога. Таму кожная наша малітва — гэта магчымасць быць разам з Найсвяцейшай Тройцай. Святая Тройца — гэта фундамент любові. Яна яднае нашыя сем’і і парафіяльную супольнасць, вучыць жыць у любові адзін да аднаго і да Пана Бога.
Пасля святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і набажэнства да Найсвяцейшай Тройцы, якое прадоўжыла Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
Завяршылася ўрачыстасць гімнам «Цябе, Бога, праслаўляем» і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.
Напрыканцы свята пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксей Асон выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі ўрачыстасці і прыняў ўдзел у парафіяльным адпусце.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку