Баварскі горад Рэгенсбург адмяніў абмежаванні, якія забараняюць малітоўныя чуванні паблізу абартарыяў. Гэта стала магчымым пасля рашэння суда, які прызнаў «буферную зону» парушэннем канстытуцыйных свабод.
24 кастрычніка 2025 года мэрыя адмяніла 100-метровую «забароненую зону» вакол клінік абортаў пасля таго, як прайграла як Адміністрацыйны суд Рэгенсбурга, так і Баварскі Адміністрацыйны суд. Пра гэта паведаміла міжнародная праваабарончая арганізацыя ADF International у прэс-рэлізе ад 6 лістапада.
Буферная зона была зацверджана летам 2025 года, што зрабіла практычна немагчымым для нямецкага аддзялення міжнароднай пралайф-арганізацыі «Helpers for God’s Precious Children» арганізацыю малітоўных чуванняў паблізу абартарыяў. У сваім рашэнні Адміністрацыйны суд Баварыі ўдакладніў, што закон аб канфліктах у сувязі з цяжарнасцю з папраўкамі, унесенымі ў канцы 2024 года, не дазваляе ўводзіць поўную забарону на прамовы або сходы паблізу клінік абортаў. Суд пастанавіў, што горад не даказаў, што ўдзельнікі малітоўных чуванняў аказвалі непрымальны прымус да жанчын, якія жадалі зрабіць аборт, як сцвярджалі чыноўнікі.
Увядзенне буфернай зоны адбылося пасля працяглага палітычнага ціску на гарадскія ўлады, паведамляе ADF International. Дэпутат нямецкага Бундэстага ад сацыял-дэмакратычнай партыі заклікаў мясцовыя ўлады прыняць меры супраць малітоўных чуванняў. Гэта справа з’яўляецца чарговым этапам спрэчкі ў Германіі вакол мірных дэманстрацый за жыццё каля клінік, дзе праводзяцца аборты.
У 2022 годзе Адміністрацыйны суд Мангейма вынес рашэнне на карысць малітоўных чуванняў, арганізаваных рухам «40 дзён за жыццё» ў Пфорцхайме пасля таго, як горад забараніў гэтыя сходы.
Біскуп Рэгенсбурга Рудольф Фодэрхольцэр з’яўляецца адным з вядучых галасоў Германіі ў абароне жыцця і рэгулярна ўдзельнічае ў штогадовым «Маршы за жыццё» ў Берліне.
Паводле credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
