У Навагрудскім раёне біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў капліцу Святога Крыжа

У суботу, 16 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне капліцы Святога Крыжа 18 стагоддзя. Урачыстае пасвячэнне здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Біскуп Юрый падчас святой Імшы адзначыў, што негледзячы ні на якія гістарычныя падзеі, такія прыдарожныя капліцы аб’ядноўваюць людзей двух асноўных канфесій нашай краіны – каталікоў і праваслаўных.

Пасля Святой Імшы адбылося ўрачыстае пасвячэнне капліцы і вельмі адметнага Укрыжавання, якое перажыло грунтоўную рэстаўрацыю. Пробашч парафіі, кс. д-р Юрый Жэгарын напрыканцы ўручыў граматы-падзякі, для ўсіх хто дапамаў у аднаўленні сакральнага барочнага аб’екта.

Усю ўрачыстасць сваім прыгожым спевам аздабляў хор Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino”. На свяце былі прысутныя прадстаўнікі улады Навагрудскага раёна, мецэнаты, мясцовыя жыхары, вернікі з Навагрудка, а таксама госці з Ліды, Гродна і Мінска.

Кароткая гістарычна даведка

На карце Навагрудскага павета канца XVIcт. паселішча пазначана як шляхецкая маёмасць. Капліца ад Навагрудскай парафіі згадваецца тут з паловы XVIIIcт.. Драўляны будынак святыні стаяў на мясцовых могілках, у алтары было змешчанае велічнае драўлянае барокавае Укрыжаванне (мажліва, перанесенае з зачыненага касцёла езуітаў у Навагрудку.

У 1850г. уладальнік Несутычаў і старшыня навагрудскага межавога суда Пётр Абламовіч, згодна з тэстамэнтам свайго брата Адама пажадаў аднавіць капліцу. Пры гэтым адзначаецца, што капліца ўжо як 100 гадоў існавала і што пабудавалі яе не Абламовічы, а магчыма, Францкевічы, ад якіх маёнтак у 1770-я гг. перайшоў да Абламовічаў. Аднак аднавіць святыню Абламовічам не дазволілі, таму што, паводле цытаты першакрыніцы: «каплица вредна для православия». Тым не менш, святыню ўсёж-такі ўратавалі ад знішчэння і яна дзейнічала да ІІ сусветнай вайны.

З 2-й паловы XVIIIcт. дзейнічае ў Несутычах і прыдарожная каплічка, пабудаваная ў самым цэнтры вёскі, пры скрыжаванні. Па задумцы стваральнікаў (мясцовых землеўладальнікаў Абламовічаў, пра што сведчыла незахаваўшаяся мемарыяльная чыгунная пліта на алтарным фасадзе) сама капліца «яўлялася быццам бы алтаром святыні пад адкрытым небам, скляпенні якой стваралі кроны дрэваў, высаджаных як калоны храма, а ўваход быў пазначаны прыступкамі з бутавага каменю». Капліцу пабудавалі ў стылі барока з цэглы і атынкавалі. Гэта невялікае, прамавугольнае ў плане збудаванне, перакрытае цыліндрычным скляпеннем, з курданёрным фасадам, раскрэпаваным пілястрамі і фланкаванае па вуглах круглымі паўкалонамі.

У пасляваенныя гады могілкавая капліца была знішчаная, металічны крыж з яе ўмуравалі пры ўваходзе на могілкі, а сапраўдны шэдэўр – велічнае алтарнае Укрыжаванне вернікі перанеслі ў прыдарожную капліцу і ўмацавалі ў алтарную сцяну.

Хоць з пасляваенных часоў сюды ніхто са святароў не прыязжаў і юрыдычна капліца не дзейнічала, мясцовыя жыхары працягвалі наведваць святыню. Сведкі таму – рушнікі-аброкі, павязаныя на фігуры Езуса, рэшткі іншага Укрыжавання, прынесеныя сюды, магчыма, з нейкай іншай зруйнаванай каплічкі ці прыдарожнага крыжа, а мажліва, гэта тое, што засталося ад Укрыжавання, якое тут знаходзілася першапачаткова. Сама ж капліца ў Несутычах доўгі час знаходзілася амаль у руінным стане – барокавы франтон з крыжам, які некалі ўвенчваў святыню, абваліўся, не было ані вакон, ані дзвярэй. Аднак у 2010-я гг. ваконныя праёмы былі зашклёныя, а замест дзвярэй вернікі прымацавалі старую звычайную дзвер ад кватэры, што, канешне ж, дадало святыні некую несуразнасць у выглядзе.

Улетку 2022 г. з ініцыятывы кс. Юрыя Жэгарына, пробашча навагрудскай парафіі, пачалося аднаўленне капліцы, фігура Езуса адпраўлена на рэстаўрацыю. 16 верасня 2023 года, адрэстаўраваная капліца была ўрачыста адчынена і пасвечана дапаможным біскупам Мінска- Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.

Апалінарый Шалімовіч, тэкст;
Ірына Варкулевіч, фота.

для друку для друку