У Навагрудку прайшлі рэкалекцыі ў фармаце Альфа-курса

З 14 па 16 лістапада сцены гістарычнага рэкалекцыйнага дому пры касцёле Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку сталі месцам для асабістай сустрэчы з Божай ласкай. На працягу трох дзён тут ладзіліся рэкалекцыі пад назвай «Выходныя з Духам Святым», арганізаваныя ў фармаце папулярнага Альфа-курса.

Гэтая духоўная ініцыятыва аб’яднала каля шасцідзесяці чалавек – вернікаў са сталіцы, з парафіі на Залатой Горцы, якія імкнуліся глыбей пазнаць сваю веру і адкрыць сэрцы для дзеяння трэцяй асобы Найсвяцейшай Тройцы.

Духоўныя практыкаванні правёў, ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала. Праграма выходных была распрацавана так, каб кожны ўдзельнік мог паступова і асэнсавана перажыць унутраную трансфармацыю – асабістую сустрэчу з Езусам у Святым Духу.

Увечары пятніцы, пасля вечара знаёмстваў, адбылася супольная ўсяночная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Цішыня і святло свечак стварылі неперадавальную атмасферу сузірання Божай хвалы, падрыхтаваўшы сэрцы вернікаў да наступных дзён.

Субота стала сапраўдным сэрцам рэкалекцый, насычаным глыбокім зместам і рознымі формамі пабожнасці. Удзельнікі з вялікай увагай слухалі канферэнцыі, прысвечаныя таямніцы і дзейнасці асобы Духа Святога. Разважанні падмацаваныя жывым сведчаннем, знайшлі водгук у сэрцах шукаючых Божай волі

Фіналам духоўнай практыкі стаў нядзельны дзень, які распачаўся са шчырых сведчанняў удзельнікаў аб тым, наколькі важным і духоўна багатымі сталі для іх гэтыя выходныя. Сустрэча завяршылася супольнай Эўхарыстыяй і супольнай кавай.

Варта адзначыць, што Альфа-курс, у фармаце якога праходзілі рэкалекцыі, – гэта не проста серыя сустрэч. Гэта працоўная і пераканаўчая катэхетычная ініцыятыва, заснаваная на керыгме – прапаведванню Евангелічных асноў. Яна дапамагае чалавеку не толькі сістэматызаваць веды, але і перажыць жывую, асабістую сустрэчу з Божай Любоўю, якая ажыўляе і паглыбляе веру.

Сёння Альфа-курс, як адзін з найбольш дзейсных спосабаў новай евангелізацыі, актыўна развіваецца ў Каталіцкім Касцёле Беларусі. Ён з’яўляецца адказам мясцовага Касцёла на заклікі Другога Ватыканскага Сабору і Пантыфікаў канца XX і XXI стагоддзяў да новай евангелізацыі.

Сведчаннем гэтага з’яўляюцца супольнасці, якія дзейнічаюць ужо ў многіх гарадах краіны: Гродне, Віцебску, Глыбокім, Крупках, Мінску, Навагрудку, Оршы, Нароўлі і Парэччы, дзякуючы чаму Слова Божае знаходзіць шлях да сэрцаў усё новых людзей.

Кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку