Увечары, 12 красавіка, у мінскай архікатэдры адбылася экуменічная сустрэча і малітва за Беларусь, паведамляе Krynica.info
Напачатку яе блаславіў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначыў важную ролю няспыннай малітвы за Беларусь, падзякаваўшы ініцыятарам акцыі няспыннай малітвы за Беларусь і яе ўдзельнікам (іх каля 150 чалавек), якія выдаткоўваюць час на малітву за Беларусь удзень і ўначы.
А потым моладзь з розных хрысціянскіх канфесій (рыма- і грэка-католікі, праваслаўныя, пратэстанты) прапанавала невялікія разважанні на тэму патрыятызму і веры.
Удзельнікі малітвы прасілі Бога, каб кожны беларус усвядоміў, што гісторыя яго ўласнага жыцця, яго сям’і і народа — гэта частка вялікай гісторыі збаўлення чалавецтва, частка гісторыі перамогі годнасці і праўды над ілжывасцю граху.
Напрыканцы малітвы ўдзельнікі ўзяліся за рукі і разам маліліся «Ойча наш».
Выдатным акампанементам была музыка гурта “Laudans” на старажытных інструментах.
