Праграма ХІІІ фестываля “Дні хрысціянскай культуры” вылучаецца сваёй разнастайнасцю. Кожны можа далучыцца да дзіцячага мастацтва, наведаць святочны канцэрт… альбо знайсці хвілінку для сустрэчы з кнігай.
Так, 27-га снежня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбыліся чарговыя “Чытацкія сустрэчы” пад кіраўніцтвам прафесара філалогіі Івана Людвікавіча Лапіна.
Думкі пра міласэрнасць і добразычлівае стаўленне да чалавека былі абумоўлены не толькі атмасферай свята Божага Нараджэння, але і колам праблем, якія ўзніклі пад час чытання і абмеркавання аповесці вядомага амерыканскага пісьменніка Джэка Керуака “Пік (гэта я)”.
На працягу вечара наведвальнікі змаглі як паўдзельнічаць у гарачай дыскусіі, так і задумацца над спрадвечнымі пытаннямі пад час абмену аплаткамі. Трэба адзначыць, што звяртанне да мастацкага твора не з’яўляецца выпадковым: сустрэчы аматараў чытання праходзяць кожную апошнюю суботу месяца. Сардэчна запрашаем далучыцца!
Вольга Сенькова, тэкст;
Барбара Сіпайла, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!





