1 мая ва ўспамін св. Юзафа рамесніка ў Гірстунах (Глыбоцкі дэканат) з удзелам біскупа Алега Буткевіча ўрачыста адзначылі 15-годдзе існавання капліцы святога Юзафа.
Гірстуны – вёска ў Глыбоцкім раёне, за 10 км ад Глыбокага. У 2010 годзе дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў, тут з’явілася капліца. Яна перабудаваная з жылога дома. 15 лістапада 2011 года біскуп Уладзіслаў Блін асвяціў капліцу.
Жыхары гэтай мясцовасці належаць да парафіі ў Канстанцінаве. І сёння мясцовымі вернікамі духоўна апякуецца пробашч парафій Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне і Святой Тройцы ў Канстанцінаве кс. канонік Валерый Орсік. Святар даязджае ў Гірстуны штонядзелю вось ужо чатыры гады. Ён прызнаўся, што яго вельмі ўразіла пабожнасць і адкрытасць жыхароў вёскі: “Хоць у нядзелю я сюда прыязджаю на трэцюю апошнюю Імшу, здаецца павінна быць стома, але тут я заўсёды адчуваю сябе радасна. І заўсёды хочацца сюды прыязджаць”.
Упрыгожаная святыня, рознакаляровыя сцяжкі на тэрыторыі, кветкі і шчырыя ўсмешкі вернікаў з Гірстуноў і навакольных мясцін чакалі на шаноўнага госця. З кветкамі і хлебам-соллю прывіталі дзеці і моладзь біскупа Алега Буткевіча.
Падчас св. Імшы ў скіраваным да вернікаў слове, іерарх засяродзіўся на постаці святога Юзафа.
Літанія да св. Юзафа, Эўхарыстычная працэсія вакол капліцы, спеў Te Deum і ўрачыстае бласлаўленне завяршылі першую частку святкавання. Словы ўдзячнасці біскупу Алегу, кс. пробашчу Валерыю, кс. дзекану Мікалаю Ціхановічу, прысутным сёстрам францішканкам Сям’і Марыі з Глыбокага, ад імя парафіянаў выказала Марына Мацулевіч, бо менавіта дом яе бабулі стаў домам Божым у Гірстунах.
Пасля жыхароў і гасцей свята на вуліцы чакала музычная праграма, падрыхтаваная Дзеркаўшчынскім Цэнтрам Культуры, разам са смачным пачастункам.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
