У Францыі тэстуюць праграму, якая дапаможа вырашыць «праблему зачыненых касцёлаў»

Здаецца, у Францыі ўдалося знайсці рашэнне праблемы «вечна зачыненых касцёлаў». Іх можна будзе адкрыць з дапамогай прыкладання з прамоўнай назвай «Sezam» (Сезам).

Сёння гэтая праграма актыўна тэстуецца ў дзевяці святынях Бургундыі. Калі спробы пакажуць станоўчы вынік, то да канца гэтага года сістэму можна будзе ўкараніць ва ўсёй Францыі. Ідэя такога рашэння нарадзілася на паломніцкіх шляхах у Сант’яга-дэ-Кампастэла і ў Рым, уздоўж Via Francigena («Шлях франкаў»). Падарожнічаючы па ім, Жан-Крыстоф Бонар заўважыў, што калі ў Італіі і Іспаніі касцёлы ў малых мястэчках звычайна стаяць адкрытымі, то ў Францыі яны амаль заўсёды зачыненыя. Гэтае назіранне натхніла яго задумацца над тым, як менавіта можна даць пілігрымам і турыстам доступ да святыняў, пры адначасовым захаванні патрабаванняў бяспекі.

Сам Бонар з’яўляецца дэлегатам Фонду рэлігійнай спадчыны Бургундыі. На гэтую тэму ён размаўляў са сваім калегам, які ў фірме «Orange» займаецца, у тым ліку, аб’яднанай сістэмай замкоў для гарадскіх тэнісных кортаў.

Аказалася, што падобнае рашэнне можна прымяніць і да касцёлаў. Так было створана прыкладанне «Sezam». Яно дазваляе зацікаўленым увайсці ў храм, які на іх шляху як раз апынуўся закрытым. Адзінае, што трэба будзе зрабіць, — гэта адсканіраваць QR‑код на ўваходных дзвярах і паказаць пасведчанне асобы. Так жадаючыя атрымліваюць часовы код для ўваходу ў святыню.

Праграму для тэставання запусцілі ў сакавіку мінулага года. Першыя водгукі былі вельмі пазітыўнымі, як з боку мясцовых уладаў, так і з боку святароў.

«Вялікую зацікаўленасць праявілі таксама біскупы, — распавядае Жан-Крыстоф Бонар журналісту штотыднёвіка «Famille Chrétienne», — таму што яны пастаянна скардзяцца на крадзяжы і вандалізм у святынях”.

Калі выпрабаванні праграмы пройдуць добра, навінку можна будзе ўвесці па ўсёй Францыі, і не толькі ў касцёлах, але і ў іншых культавых месцах, мясцовых помніках або музеях.

Паводле credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку