Новае апытанне сведчыць аб тым, што сакрамант споведзі перажывае адраджэнне ў Францыі — прынамсі, сярод тых, хто рэгулярна наведвае святую Імшу. Апытанне, праведзенае сацыялагічнай кампаніяй «Ifop», паказала, што 50 працэнтаў штотыднёвых удзельнікаў св. Імшы рэгулярна прыступаюць да споведзі, паведамляе The Pillar.
Апытанне, апублікаванае 8 снежня ў каталіцкай штодзённай газеце La Croix, таксама паказала, што 36 працэнтаў тых, хто наведвае св. Імшу хаця б раз на месяц, часта прымаюць святую Камунію. Сярод тых, хто наведвае св. Імшу радзей аднаго разу на месяц, але ўсё яшчэ вызнае веру, да споведзі прыступае 7 працэнтаў — у параўнанні з 12 працэнтамі тых, хто наведвае св. Імшу ў асноўным па асаблівых выпадках.
Апытанне не паказвае, наколькі гэтыя лічбы вышэй ці ніжэй, чым у папярэднія гады. Але некаторыя дадзеныя сведчаць аб тым, што споведзь «вяртаецца» у жыццё французскіх католікаў. Канонік Жан-Марк Пімпана, пробашч парафіі Святога Людовіка ў Парыжы, перакананы, што ўсё больш католікаў прыступаюць да споведзі. «Гэта лунае ў паветры», — кажа ён. «Вяртанне да традыцыйных практык, малітоўных чуванняў, паломніцтваў… і пэўнага ўсведамлення граху». Святары ў яго парафіі чакаюць жадаючых паспавядацца штодня з 8 раніцы да 8 вечара. Перад уваходам у касцёл вісяць плакаты з надпісам: «Святары вітаюць вас на споведзі сем дзён на тыдзень».
Вынікі апытання, відаць, абвяргаюць распаўсюджанае меркаванне, што споведзь сярод католікаў у заходніх краінах знаходзіцца ў фатальным заняпадзе.
Пісьменнік Джэймс О’Тул у сваёй кнізе «Бо я зграшыў», апублікаванай у красавіку 2025 года, адзначыў, што гэтая практыка рэзка скарацілася ў Злучаных Штатах з 1970-х гадоў. Гісторык Гільём Кюшэ адзначае, што падобны рэзкі спад адбыўся ў Францыі з 1965 года. Аднак у апошнія гады Каталіцкі Касцёл у Францыі супярэчыць гэтай тэндэнцыі ў іншых заходніх краінах.
У краіне назіраецца рост колькасці ахрышчаных дарослых, асабліва сярод моладзі, прыкметны бум продажаў Біблій і рэкордна высокі ўзровень удзелу ў штогадовых паломніцтвах. Даследаванне паказала, што каля трох мільёнаў дарослых французаў — 5,5 працэнта насельніцтва — наведваюць святую Імшу хаця б раз на месяц. Яшчэ 3,5 мільёна — або 6,5% насельніцтва — робяць гэта нерэгулярна.
Даследчыкі адзначылі, што каталіцызм становіцца ўсё больш урбанізаванай з’явай у Францыі: амаль кожны трэці рэгулярны наведвальнік св.Імшы жыве ў рэгіёне Парыжа. Сельскія раёны, з іншага боку, сутыкаюцца з падвойнымі праблемамі секулярызацыі і дэпапуляцыі.
Каментуючы вынікі апытання, сацыёлаг Ян Рэзон дзю Клезо сказаў: «Французскі каталіцызм перажывае значную трансфармацыю. Працягваючы прыходзіць у заняпад у грамадстве, ён перабудоўваецца вакол ядра надзвычай адданых каталікоў. Гэтая аднастайнасць стварае спрыяльнае асяроддзе, якое тлумачыць устойлівасць гэтага «цвёрдага ядра»: адданыя католікі ўмацоўваюць адзін аднаго». «Сярод «нерэгулярных» католікаў, з іншага боку, назіраецца паскарэнне рэлігійнага адчужэння», — адзначыў сацыёлаг. — Эфект даміно працуе і ў адваротным кірунку: чым больш яны інтэгруюцца ў грамадства, дзе рэлігія знаходзіцца ў заняпадзе, тым больш вера становіцца для іх другаснай.
«Толькі тыя, хто інтэнсіўна практыкуе сваю веру, супраціўляюцца гэтаму дыстанцыяванню». Даследчык таксама сцвярджае, што рэзкае павелічэнне колькасці ахрышчаных дарослых азначала «невялікае аднаўленне», але не кампенсавала доўгатэрміновае зніжэнне колькасці хросту сярод немаўлят. «Гэтае відавочнае «адраджэнне», якое, паводле некаторых, назіраецца ў дынамічных гарадскіх парафіях, з’яўляецца ў асноўным эфектам падмацавання», — кажа ён.
— Возьмем канкрэтны прыклад: адданыя католікі, якія раней былі раскіданыя на ўзроўні 10 працэнтаў у кожнай парафіі, цяпер сканцэнтраваны на ўзроўні 90 працэнтаў у касцёлах у гарадскіх раёнах. Гэта стварае значна больш аднародную атмасферу з большай інтэнсіўнасцю перакананняў і вельмі высокім узроўнем энтузіязму. Таму ўзнікае адчуванне, што крызіс скончыўся, калі на самой справе гэта вынік таго, што каталіцызм становіцца меншасцю: з невялікай колькасцю, але вялікай згуртаванасцю католікаў.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!