У Францыі адбываецца ўсё больш падпалаў касцёлаў

У Францыі гараць касцёлы. Толькі сёлета зафіксавана ўжо 14 наўмысных падпалаў. І гэтая з’ява пастаянна набірае абароты, — канстатуе сумны факт Абсерваторыя рэлігійнай спадчыны гэтай краіны.

Як паведамляе штотыднёвая газета «Famille Chrétienne», апошнім часам больш за ўсё французскае грамадства ўскалыхнуў пажар у сярэднявечным касцёле святога Іларыёна з Пуацье, які быў пабудаваны над магілай гэтага айца царквы IV ст.

На шчасце, дзякуючы хуткай рэакцыі бацькоў з суседняй з касцёлам школы, пажарным удалося патушыць агонь на працягу гадзіны. Месяцам раней у СМІ трапілі здымкі ахопленага полымем касцёла Беззаганнага Зачацця ў Сэнт-Амеры каля Кале. Згарэў дах і шпіль касцёла, які толькі нядаўна быў капітальна адрамантаваны. Гэта зусім не адзінкавыя выпадкі.

Як дадае Абсерваторыя рэлігійнай спадчыны, летась з дваццаці сямі пажараў у каталіцкіх храмах восем мелі крымінальную прычыну. Затое сёлета за няпоўныя 10 месяцаў зарэгістравана дваццаць шэсць пажараў, чатырнаццаць з якіх адбыліся з-за наўмысных падпалаў.

Да гэтага трэба дадаць і іншыя акты вандалізму, колькасць якіх, на думку супрацоўнікаў Абсерваторыі, моцна заніжаная, бо настаяцелі не заўсёды паведамляюць пра гэта ў паліцыю. Яны асцерагаюцца, што разгалашэнне такіх выпадкаў толькі падштурхне нелаяльных да Касцёла людзей да такіх злачынстваў.

Паводле Vatican News
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку