У Дзеркаўшчыне адбыўся парафіяльны адпуст (+відэа)

Традыцыйны фэст адбываецца тут 9 мая на ўрачыстасць святога Мікалая.

Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў кс. Антон Лагунёнак, пробашч з суседняга Канстанцінава, які некаторы час працаваў у Дзеркаўшчыне.

На богаслужэнні прысутнічалі пробашч парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне кс. Андрэй Кулік, глыбоцкі дэкан кс. Мікалай Ціхановіч, кс. Іван Кароткін, вікарый з Глыбокага, пробашч парафіі ў Празароках кс. Дзмітрый Рацько, кс. Віталь Галец, які зараз служыць ва Ушачах, а перад гэтым некалькі гадоў працаваў тут, у Дзеркаўшчыне, францішкане з Удзела айцы Яраслаў Банасяк і Ян Хернік, а таксама дыякан Алег Хмылко з Глыбокага.

Слова да вернікаў прамовіў кс. Мікалай Ціхановіч. У гаміліі ён паразважаў над выказваннем Хрыста, што калі робіш дабро, хай твая левая рука не ведае, што робіць правая. У якасці прыкладу святар прывёў жыццё святога Мікалая, які жыў у ІІІ–ІV ст. Гэта адзін з найбольш шанаваных святых як у каталіцкай канфесіі, так і праваслаўнай. Ён прывёў прыклады, калі святы таемна дапамагаў людзям.

Мы ж часта чакаем ад людзей удзячнасці, калі робім дабро, і вельмі абураемся, калі гэтай удзячнасці не атрымліваем. Зараз мы жывём у атмасферы абыякавасці да праблемаў бліжняга, хоць часам і ведаем пра суседа больш, чым нават ён сам. А святы Мікалай вучыць нас дапамагаць людзям, не чакаючы ад іх нейкай удзячнасці. Мы радуемся, калі нам штосьці даюць, але не ўмеем радавацца, калі даём мы. А насамрэч павінна быць большая радасць, калі дапамагаем бліжняму. Так вучаць нас апосталы і святыя. Прывёў святар і словы апостала Паўла: «Хто скупа сее, той скупа і жне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе».

А напрыканцы казання кс. Мікалай узгадаў словы Папы Францішка, якія ён прамовіў на заканчэнне Года Божай Міласэрнасці: «Заканчваецца Год Міласэрнасці, зачыняюцца святыя дзверы, але не павінны зачыняцца дзверы нашых сэрцаў».

Завяршылася святая Імша літаніяй да святога Мікалая і працэсіяй вакол касцёла.

Але на гэтым свята ў парафіі не закончылася. Вернікаў чакаў яшчэ канцэрт класічнай музыкі, які адбыўся ў рамках праекта «Віцебскі арганны шлях». Выканаўцаў прадставіў адзін з кіраўнікоў гэтага праекта Уладзімір Правілаў, сябра праўлення саюза музычных дзеячаў. Для вернікаў сыграла скрыпічнае трыа ў складзе Аляксандры Савіных, Юліі Сабалеўскай і Марыі Кашкур.

Яны ваканалі музычныя творы Бетховена, Моцарта, Гайдна, Томскага, іншых кампазітараў. Было бачна, што канцэрт дзеркаўшчынскім парафіянам вельмі спадабаўся. Тым больш, што людзі ў вёсцы не маюць магчымасці паслухаць ужывую добрую класічную музыку. Як адзначыў Уладзімір Правілаў, касцёл у Дзеркаўшчыне мае добрую акустыку, таму гук быў выдатны.

Праект «Віцебскі арганны шлях» арганізаваны творчым калектывам «Беларуская капэла», Віцебскім музычным таварыствам і Віцебскай дыяцэзіяй з мэтай прыцягнення ўвагі да арганаў Віцебшчыны як да гістарычных і матэрыяльных каштоўнасцей рэгіёна. У рамках праекта плануецца вывучэнне стану арганаў Віцебшчыны, а таксама будуць праводзіцца канцэрты арганнай і камернай музыкі. У бліжэйшы час такія канцэрты пройдуць у Глыбокім на ўрачыстасць Святой Тройцы, а потым у Удзеле.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі