У Докшыцах з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага адзначылі 30 год кансэкрацыі касцёла

4 кастрычніка, ва ўспамін св. Францішка Асізкага, невялікі, але такі ўтульны касцёл сустракаў шматлікіх гасцей: дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, дэкана Докшыцкага кс. Уладзіміра Шымковіча, братоў капуцынаў на чале з кусташам Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў а. Алегам Шэндам OFMCap, якія раней неслі служэнне і цяпер тут працуюць, сясцёр законных, прадстаўнікоў свецкай улады, а таксама жыхароў і гасцей горада.

Само святкаванне распачалося ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Юрый. “Сёння наша супольнае агульнае свята. 30-годдзе з моманту асвячэння гэтага храма, які стаў не толькі месцам малітвы, але таксама ўпрыгожвае горад Докшыцы сваім знешнім выглядам, ветліва адкрываючы дзверы кожнаму, хто заходзіць, каб тут маглі сустрэць дабрыню, цеплыню і сустрэцца з Богам”, — адзначыў біскуп.

Гісторыя парафіі распачалася ў XVII стагоддзі, калі 27 снежня 1608 года кс. канонік Станіслаў Кішка склаў фундуш, дзякуючы якому паўстаў драўляны касцёл пад тытулам Святой Тройцы. Складаны лёс быў у докшыцкай святыні. Яна была неаднаразова спалена, адноўлена, потым прыстасавана пад раённую бібліятэку, зноў разабраная, а на месцы храма пабудаваная музычная школа.

З 1989 года парафіяй пачаў апекавацца а. Пётр Ясевіч OFMCap з Ваўкалаты. Тады і было вырашана распачаць будаўніцтва новага касцёла. 14 кастрычніка 1991 г. арцыбіскуп Казімір Свёнтэк  асвяціў вуглавы камень касцёла, 4 кастрычніка 1995 года Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Агастына Маркета здзейсніў асвячэнне касцёла. З таго моманту жыццё ў касцёле ў Докшыцах зноў завірыла.

Біскуп Юрый Касабуцкі падчас гаміліі распавёў пра дзейнасць на гэтай тэрыторыі духоўных сыноў святога Францішка — братоў капуцынаў, якія пачалі закладваць першыя каменьчыкі ў будаўніцтва не толькі матэрыяльнай святыні, але і святыні з чалавечых сэрцаў. “Манахі – гэта жаўнеры Хрыста, якія павінны быць заўсёды нагатове, бо яго рукі і вусны патрэбны ўжо ў іншым месцы. Шмат айцоў змянілася ў Докшыцах, але кожны з іх унёс нешта сваё для гэтай парафіі і касцёла.”

Дзеці, моладзь і старэйшыя парафіяне прадставілі прысутным відэапрэзентацыю са сведчаннямі пра гісторыю касцёла ад самага пачатку.

Працяг святкавання адбыўся на прыкасцельнай тэрыторыі. Усіх запрошаных чакаў пачастунак і танцы.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Юрый выказаў словы падзякі братам капуцынам і сёстрам адараторкам Крыві Хрыста за ахвярнае служэнне, а таксама ахвярадаўцам і парафіянам, міністранам і хору, якія прычыніліся да падрыхтоўкі ўрачыстасці.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку