16 лістапада ва Урачыстасць Маці Божай Міласэрнасці сёстры Эўхарысткі сабраліся ў Браславе, каб падзякаваць Богу за 25 год існавання Беларуска-Літоўскай Дэлегатуры.
Святкаванне распачалі адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, пасля быў даклад пра гісторыю Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі. Далей была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У канцэлебры было шмат святароў, з якімі звязана служэнне сясцёр Эўхарыстак на Беларусі. Маці Генеральная падзякавала настаяцельніцам Дэлегатуры, якія былі раней, а таксама с. Антаніне Багдановіч, якая выконвае служэнне настаяцельніцы цяпер.

Пасля Святой Імшы рух «Маці ў малітве» павіншавалі сясцёр з юбілеем, і абяцалі малітвай дапамагаць сёстрам.
Кангрэгацыя Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі пачала існаваць 19 сакавіка 1923 года ў Друі. Пераломным момантам у гісторыі Кангрэгацыі было яе раздзяленне ў выніку спецыфічнай сітуацыі, якая склалася пасля змены польска-савецкай мяжы на ўсходняй тэрыторыі. У 1945 годзе з ліку 49 сясцёр супольнасці, 26 выехала ў Польшчу, 23 – засталіся на тэрыторыі, дзе кіравала савецкая ўлада. У аснове гэтага рашэння была пакладзена свядомасць перспектывы, якая прадбачвалася супольнасцю у змененай палітычнай і рэлігійнай сітуацыі.
Паколькі Бог даваў усё больш і больш кандыдатак з розных краінаў, дзе працавалі сёстры, стала неабходным тэрытарыяльны падзел Кангрэгацыі. У 1993 годзе было прынята рашэнне аб арганізацыі Літоўска-<еларускай і Расійска – Казахстанскай Дэлегатуры, каб прасцей і якасней весці справы зграмаджэння.
Сёння сёстры спаўняюць сваю паслугу ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Літве, Германіі, Казахстане, Украіне.
С. Таццяна Гмыза, waladarka.by
Аляксей Жылевіч, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

