У Беларусі зноў загаварылі пра прызыў святароў на вайсковую службу. Але ўжо не проста ў якасці шараговых, а як інструктараў па рабоце з вайскоўцамі-вернікамі. Паспрабуем разабрацца ў асаблівасцях гэтай новай пасады.
Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, з 1 лістапада ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь уведзеная новая пасада – інструктар па рабоце з вайскоўцамі-вернікамі. У ведамстве адзначылі, што на гэтыя пасады прызначаюцца святары, якія маюць духоўную адукацыю, высвечаныя ў сан і прыдатныя па стане здароўя для праходжання тэрміновай ваеннай службы або службы ў рэзерве.
«Асноўнай задачай дадзеных вайскоўцаў з’яўляецца ўдзел у духоўна-маральным выхаванні, а таксама ў задавальненні духоўна-рэлігійных патрэбаў асабовага складу», – гаворыцца ў паведамленні.
У Мінабароны дадалі, што асноўнай мэтай увядзення новай пасады з’яўляецца «максімальна эфектыўнае выкарыстанне патэнцыялу святароў у інтарэсах фарміравання воінскіх якасцей ваеннаслужачых, іх поглядаў і настрояў, маральнага аблічча». Там таксама паведамілі, што станам на 17 лістапада на пасаду інструктара па рабоце з асабовым складам вернікаў ужо было прызначана шасцёра вайскоўцаў.
Іншыя падрабязнасці новаўведзенай пасады не паведамляліся. У прыватнасці, невядома, якімі канкрэтна нарматыўна-прававымі дакументамі рэгулююцца прызыў святароў і прызначэнне іх інструктарамі. Таксама не ўдакладняецца, прадстаўнікі якіх канфесіяў могуць займаць гэтую пасаду. Пакуль жа вядома толькі пра праваслаўных інструктараў.
Гэтак, «Брестский вестник» паведаміў, што ў 38-й Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгадзе на новую пасаду пераведзены прызыўнік гэтага года айцец Арцемій. Прозвішча святара не называецца, але мяркуючы па апісанні (24 гады, родам з Лунінецкага раёна, скончыў духоўную семінарыю ў Жыровічах, ажаніўся і два гады служыў святаром у адным з праваслаўных храмаў Пінска) і па фота, гэта Арцемій Мігалевіч, рукапаложаны ў іерэя ў кастрычніку 2021 года.
Як паведамляецца, «святар-дэсантнік у 38-й брыгадзе спазнае азы вайсковай службы нароўні з усімі, а саслужыўцы да часу нават не падазравалі, што ён мае святы сан». То бок, можна меркаваць, што айца Арцемія спачатку проста прызвалі ў войска, а ўжо пасля прызначылі на новую пасаду. Пры гэтым святар праходзіць службу таксама, як і іншыя прызыўнікі. Пра асаблівасці менавіта святарскага служэння не паведамляецца.
Таксама распавядалася пры прызыў праваслаўных святароў з іншых рэгіёнаў Беларусі, напрыклад, з Гомельшчыны і Магілёўшчыны, як іерэя Александра Ткачэнкі з Гомеля. Але на гэты раз невядомыя іх месцы службы і ці былі яны прызначаныя на пасаду інструктара.
Варта адзначыць, што 3 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, наведваючы Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, сярод іншага ўзняў пытанне пра канчатковае замацаванне ў заканадаўстве вызвалення святароў ад ваеннай службы, а семінарыстаў – ад прызыву ў войска.
Як паведамляў Catholic.by, гэтае пытанне выклікала «ажыўленую дыскусію ўдзельнікаў круглага стала».
Не першы раз
Гэта ўжо не першы выпадак прызыву ў Беларусі святароў на вайсковую службу. Напрыклад, сёлета ў траўні планавалі прызваць каталіцкага святара – 26-гадовага вікарыя парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку Дзмітрыя Мальца. За месяц да 27-годдзя яго збіраліся адправіць у транспартныя войскі, але пасля рашэнне было адмененае. Прызывалі ў транспартныя войскі і праваслаўных святароў, у выніку чаго Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Веніямін нават распарадзіўся знайсці замену для тых, хто падлягае прызыву.
Атрымлівалі святары позвы з ваенкаматаў і ў 2018 годзе, але і тады гэтае пытанне ў выніку атрымалася развязаць.
Агулам на заканадаўчым узроўні ў Беларусі магчымасць для святароў не служыць у войску не прадугледжаная. Закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» наўпрост абвяшчае, што «вайсковую службу выконваюць грамадзяне мужчынскага полу… незалежна ад… стаўлення да рэлігіі, роду і характару дзеянняў».
Як з гэтым у суседзяў?
Аднак у свеце святары даволі часта маюць афіцыйную адтэрміноўку ад службы. Напрыклад, у 2012 годзе ў Расіі былі зацверджаныя правілы адтэрміноўкі ад прызыву на вайсковую службу для асобаў з духоўным санам ці званнем. Таксама расійскія святары атрымалі ад Міністэрства абароны РФ адтэрміноўку ад службы ў войску на ўвесь час знаходжання ў святарскім стане і падчас мабілізацыі 2022 года. Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл нават заклікаў замацаваць гэтую адтэрміноўку на заканадаўчым узроўні, бо «каноны Царквы строга забараняюць святарам паступаць на ваенную службу».
Таксама і ва Украіне святары атрымалі права на адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу і вызваленне ад ваенных збораў. Праўда, аналагічнай нормы для іх падчас мабілізацыі няма. Таму гіпатэтычна падчас яе ва Украіне забраць у войска могуць і святара. Раней гэтае пытанне часткова вырашалася тлумачэннямі Генеральнага штаба Узброеных Сілаў. Калі ж Святыя Пісанні рэлігійных арганізацыяў забараняюць святарам браць у рукі зброю і прымаць непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяннях, яны могуць скарыстацца правам на альтэрнатыўную службу.
У Казахстане закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» таксама ўстанавіў адтэрміноўку ад прызыву на вайсковую службу грамадзянаў, якія маюць духоўны сан або штатную пасаду ў зарэгістраваных рэлігійных абʼяднаннях на перыяд рэлігійнай дзейнасці ці атрымліваюць вочную адукацыю ў духоўных арганізацыях адукацыі.
Вызваляюць асобаў, «якія маюць духоўны сан у адной з зарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў, і ва Узбекістане. А вось у Грузіі сёлета, наадварот, скасавалі такую магчымасць, бо яе актыўна надавала маладзёнам, якія не хочуць служыць у войску, адна грамадская арганізацыя, што назвалася царквой.
У Літве закон вызваляе ад вайсковага абавязку святароў традыцыйных рэлігійных абшчынаў. Аднак у 2017 годзе Міністэрства абароны краіны падрыхтавала папраўкі, якія б дазвалялі прызыў святароў падчас усеагульнай мабілізацыі – на пасады вайсковых капеланаў.
Ёсць адмысловыя вайсковыя капеланы, якія ў войску кантралююць маральны стан салдат, адпяваюць памерлых, садзейнічаюць эвакуацыі параненых і памерлых вайскоўцаў, таксама ва Украіне і Расіі. Ва Украіне такія святары атрымліваюць афіцэрскія званні і грашовае забеспячэнне, а вось у Расіі яны аформленыя ў вайсковых частках як грамадзянскія спецыялісты або, паводле дэпутата Дзяржаўнай думы Вольгі Цімафеевай, «нідзе не лічацца і знаходзяцца там фактычна як валанцёры-добраахвотнікі».
Цяпер у РФ вырашаецца пытанне ўрэгулявання прававога статусу прадстаўнікоў духавенства, якія адпраўляюцца на фронт. На вайсковае духавенства хочуць распаўсюдзіць ільготы, гарантыі і кампенсацыі, устаноўленыя заканадаўствам Расіі для вайскоўцаў і чальцоў іх семʼяў. Пры гэтым святарам плануецца забараніць выдачу боепрыпасаў і зброі.
У Беларусі ж прававыя падставы службы інструктараў па рабоце з вернікамі ў войску пакуль не зразумелыя. Але, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, зброю ім усё ж выдаюць.
Тым часам канон 289 Кодэксу кананічнага права Каталіцкага Касцёла зазначае, што «вайсковая служба не адпавядае духоўнаму стану». Таму, паводле яго, «духоўныя асобы і кандыдаты да пасвячэння не павінны ісці на яе добраахвотна», а наадварот, яны «павінны карыстацца вызваленнем ад выканання заданняў і займання публічных свецкіх пасадаў, неўласцівых духоўнаму стану».
Мечыслаў Гапановіч
