16 верасня на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася традыцыйная панэльная дыскусія на тэму «Міжканфесійны дыялог як фактар кансалідацыі беларускага грамадства: гістарычная рэтраспектыва і сучасныя вектары развіцця».
Па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў мерапрыемстве прыняў удзел Біскупскі вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Франц Рудзь.
Варта адзначыць, што гэтая сустрэча была арганізавана ў рамках праекта «Дыялог культур і рэлігій» гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, накіраванага на глыбокае пазнанне традыцый рэлігійных абшчын Беларусі.
Дыскусійная пляцоўка аб’яднала прадстаўнікоў дзяржаўных структур, кіраўнікоў і высокіх прадстаўнікоў вядучых рэлігійных канфесій Беларусі, дзеячаў навукі і адукацыі, а таксама студэнцкую моладзь.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся дэкан гістарычнага факультэта, прафесар Аляксандр Генадзевіч Каханоўскі, і намеснік дэкана, дацэнт Аліна Яўгенаўна Верамейчык.
У рабоце форуму прынялі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аляксеевіч Румак, Першы прарэктар Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ протаіерэй Сяргей Маўсясян, Старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь муфцій Абу-Бекір Шабановіч і Галоўны равін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч.
У ходзе дыскусіі ўдзельнікі абмеркавалі значны ўклад рэлігійных абшчын у сацыякультурную прастору краіны, шляхі рэалізацыі сумесных сацыяльна-гуманітарных праектаў і важную ролю рэлігійнай асветы ў выхаванні падрастаючага пакалення.
